Тэлеграм-канал папулярнага блогера Антона Матолькі прызнаны экстрэмісцкім
Папулярны телеграм-канал блогера Антона Матолькі прызнаны экстрэмісцкім рашэннем суда Партызанскага раёна Менска ад 23 сакавіка. Гэта вынікае з Рэспубліканскага спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў, размешчанага на сайце Міністэрства інфармацыі.
Сам блогер выехаў з Беларусі 9 ліпеня 2020 года з меркаванняў бяспекі.
10 сакавіка Следчы камітэт паведаміў, што ў дачыненні да Матолькі распачатая справа па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса.
У прыватнасці распачатая справа паводле ч. 3 арт. 130 КК „у сувязі са здзяйсненнем наўмысных дзеянняў, скіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і праваахоўнікаў, з ліпеня 2020 года з дапамогай створанага і кіраванага ім тэлеграм-канала”.
„На гэты момант ужо атрыманыя доказы, якія сведчаць аб здзяйсненні А.Матолькам дзеянняў, скіраваных на дэстабілізацыю сацыяльна-палітычнага, эканамічнага і інфармацыйнага становішча ў краіне, прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Названыя дзеянні здзяйсняліся таксама з выкарыстаннем кіраванага ім тэлеграм-канала. У сувязі з гэтым распачатая крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 361 КК Рэспублікі Беларусь”, — гаварылася ў паведамленні.
У СК сцвярджаюць, што Матолька, „дзейнічаючы па папярэдняй змове з неўстаноўленымі асобамі, знаходзячыся за межамі Рэспублікі Беларусь, з мэтай ажыццяўлення супрацьпраўнай дзейнасці <…> аб’яднаў экстрэмісцкія групы (так званыя дваровыя чаты), стварыў экстрэмісцкае фармаванне і кіруе ім”. Сваімі дзеяннямі, лічаць следчыя, ён здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання).
Паведамлялася таксама, што следчымі ва ўзаемадзеянні з ГУБАЗіК МУС „атрыманыя доказы аб датычнасці блогера А.Матолькі да ўчынення шэрагу злачынстваў, у тым ліку прадугледжаных арт. 293 (масавыя беспарадкі) і арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак)” КК.
Упраўленне Следчага камітэта па Менску мела намер вынесці пастанову аб прыцягненні Матолькі „ў якасці абвінавачанага па ўсіх вышэйзгаданых злачынствах, пасля чаго ён будзе абвешчаны ў міждзяржаўны вышук”. „Акрамя таго, следствам праводзіцца праца па прызнанні згаданага інтэрнэт-рэсурсу на тэрыторыі нашай краіны экстрэмісцкім”, — гаварылася ў паведамленні СК.
У Следчым камітэце таксама звярнулі ўвагу на тое, што „ў апошнія некалькі месяцаў вялікую папулярнасць сярод насельніцтва атрымалі так званыя „дваровыя чаты”. Сцвярджаецца, што следствам выяўленыя неаднаразовыя факты, калі яны „перарастаюць у экстрэмісцкія фармаванні, асноўнай скіраванасцю якіх з’яўляюцца радыкальныя дзеянні”. „Звяртаем увагу грамадзян, што ў далейшым іх адміністратары будуць несці адказнасць паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”, — папярэдзілі ў СК.