Тэлеграм-каналы незалежных СМІ пад пагрозай
У Беларусі пачаліся на іх атакі. Аб праблемах спачатку заявілі Tut.by і „Наша Ніва”. Таксама тэлеграм-акаўнт адваката Дзмітрыя Лаеўскага спрабавалі ўзламаць і нават яго выдаліць. У супрацоўнікаў „Нашай Нівы” атрымалася напад адбіць. Толькі на кароткі час тэлеграм-канал захапілі і выдалілі 1300 падпісчыкаў.
З гэтай сітуацыі варта зрабіць высновы ды навучыцца сябе аберагаць, – кажа Ягор Марціновіч. Паводле якога, у рэдакцыі з сітуацыяй добра справіліся:
– Далі кліч аб тым, што, калі ласка, вяртайцеся. І ў выніку замест 1300 падпісалася каля 2000 чалавек, то бок мы аказаліся яшчэ і ў плюсе. Усё ж такі чалавечая беларуская салідарнасць не ведае межаў. Цяпер мы зрабілі выснову з гэтай сітуацыі, якія ўрокі нам дала. Цяпер я на 99% упэўнены, што такая сітуацыя не паўторыцца, магчыма будуць ламаць нейкімі іншымі спосабамі.
У «Нашай Нівы», як і ў іншых медыя, толькі могуць здагадвацца, хто можа стаяць за гэтымі нападамі, паколькі цяжка вызначыць, хто менавіта гэта мог зрабіць. „Але, як паказвае практыка, ад такой формы пераследу ніводнае СМІ таксама не застрахаванае”, – кажа Ягор Марціновіч.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя