Тэлеканал „Еўраньюс” выпусціў сюжэт пра вобшукі ў БелаПАН і tut.by
Еўрапейскі кругласутачны інфармацыйны тэлеканал „Еўраньюс” 8 жніўня выпусціў сюжэт пра вобшукі ў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, офісе партала tut.by і затрыманні журналістаў у рамках „справы БелТА”.
„Захад супакоіўся наконт Беларусі, і, мабыць, улада вырашыла, што можна гэтыя СМІ прыціснуць, выкарыстоўваючы нагоду для гэтага. Мы расцэньваем гэта як ціск на незалежныя СМІ”, — заявіў у сюжэце заснавальнік партала tut.by Юрый Зісер.
На момант выхаду матэрыялу „Еўраньюс” не змог атрымаць каментарыі ад генеральнага дырэктара БелТА Ірыны Акуловіч: у агенцтве спаслаліся на яе занятасць.
У сюжэце адзначаецца, што Еўрапейскі звяз заклікаў вызваліць затрыманых у Менску журналістаў, а афіцыйнае прадстаўніцтва ЕЗ заявіла, што дадзеныя дзеянні „супярэчаць заяўленай палітыцы па дэмакратызацыі і міжнародным абяцанням” Беларусі. Арышты журналістаў асудзілі і праваабаронцы.
„Мы былі здзіўлены, што на падставе такіх абвінавачванняў да журналістаў былі прымененыя такія жорсткія меры. Гэта робіцца для запалохвання вядучых СМІ ў краіне ў кантэксце усё нарастальнага ціску на вольныя галасы ў Беларусі. Мы заклікаем улады супакоіцца і дазволіць журналістам проста рабіць сваю працу”, — заявіў кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі арганізацыі „Рэпарцёры без межаў” Ёхан Бір.
Назіральнікі не выключаюць, што цяперашняя кампанія супраць журналістаў негатыўна адаб’ецца на кволым працэсе нармалізацыі адносін паміж Менскам і Бруселем, адзначае „Еўраньюс” у канцы сюжэту.