Тэлеканал СТБ апублікаваў прыватную перапіску журналісткі Андрэевай



Тэлеканал СТБ пачаў інфармацыйную падрыхтоўку да суда над журналісткай „Белсата” Кацярынай Андрэевай (Бахвалавай). Пра справу журналісткі гаварыў у сваёй праграме „Тайныя спружыны палітыкі” сумна вядомы Рыгор Азаронак.

Кацярыну Андрэеву і аператара Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада, калі яны вялі стрым з „Плошчы Перамен”. Сілавікі ўварваліся ў кватэру на 14-м паверсе, дзе былі дзяўчаты. З таго часу абедзве журналісткі знаходзяцца пад вартай. Ім выставілі абвінавачанне ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. 12 студзеня іх крымінальная справа паступіла ў Фрунзенскі суд Менска.

Азаронак у сваёй праграме заявіў, быццам Андрэева сваімі рэпартажамі з месца падзеяў кіравала дзеяннямі пратэстоўцаў. Таксама ў сюжэце былі паказаныя скрыны з перапіскі яе мужа Ігара Ільяша — верагодна, следства атрымала іх з канфіскаванага тэлефона. У перапісцы згадваецца, што Кацярына супрацоўнічала з украінскімі СМІ і пісала пра вайну на Данбасе. Тое, якім чынам матэрыялы следства трапілі ў прапагандысцкі тэлесюжэт, Азаронак  не патлумачыў.

Беларускае Радыё Рацыя