Тэлемайстра з Баранавічаў асудзілі на 2 гады „хіміі” за пост пра міліцыянта



Суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 25 траўня асудзіў 61-гадовага прадпрымальніка-тэлемайстра Пятра Зіневіча да двух гадоў „хіміі” за паклёп да супрацоўніка міліцыі па арт. 188 Крымінальнага кодэкса.

Мужчыну асудзілі за тое, што ён у жніўні на сваёй старонцы „ВКонтакте” апублікаваў фатаграфію супрацоўніка Баранавіцкага РАУС з надпісам „удзельнічаў у разгоне мітынгаў і катаваў людзей”. Таксама з Зіневіча спагналі маральную кампенсацыю пацярпеламу міліцыянту ў памеры 1000 рублёў, піша intex-press.by. Пад варту тэлемайстра ўзялі 8 красавіка, калі ён прыляцеў з Кіева, да суда яго ўтрымлівалі ў СІЗА №6. 

Пракурор запрасіў для абвінавачанага два гады „хіміі” з кампенсацыяй маральнай шкоды пацярпеламу. Суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы пастанавіў: прызнаць жыхара Баранавічаў вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага арт. 188 Крымінальнага кодэкса, і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на два гады з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, меру стрымання абвінавачанага змяніць з утрымання пад вартай пад падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах да ўступлення прысуду ў законную сілу. Таксама абвінавачаны павінен выплаціць пацярпеламу 1000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

spring96.org