Тэма бежанства чакае свайго даследчыка



“Тэма эвакуацыі заходне-беларускай грамадскасці ў глыб Расеі ў жніўні 1915 года пакуль што не мае свайго даследчыка. Нават спецыялісты па дэмаграфічных пытаннях Беларусі ХХ стагоддзя не заўважаюць гэтага факту, хаця ён рашуча паўплываў на гісторыю беларуска-польскага памежжа“, – адзначае прафесар Яўген Мірановіч. Бежанства стала адным з наступстваў Першай сусветнай вайны на нашых тэрыторыях:

– У 1915 годзе немцы прарвалі фронт, занялі Польшчу і набліжаліся да межаў сучаснай Беларусі і сучаснай Украіны. І ўжо раней царскія ўлады прыдумалі такую тактыку – пакінуць ворагу спаленую зямлю. Калі прыбліжаўся фронт да межаў, дзе пражывала беларускае насельніцтва, улады ўжо былі падрыхтаваныя, каб усіх забраць і пакінуць ворагу толькі пустыя палеткі.

Калі казаць пра колькасць тых, хто вымушана выехаў у бежанства, то часта называецца лічба ў паўтара мільёна чалавек. Прафесар Яўген Мірановіч, называе таксама іншыя лічбы:

– Больш дакладныя – 1 млн 700 тысяч. Колькі вярнулася дакладнай статыстыкі няма. Я разлічваю паводле размоваў з асобнымі рэспандэнтамі. Самы аптымістычны варыянт – з выехаўшых не вярнулася адна трэць.

„Падзея гэтая мела вялікі ўплыў на лёсы беларускага насельніцтва, на грамадскія, палітычныя ды эканамічныя працэсы, якія праходзілі ў 20-30-ыя гады на землях, ахопленых перасяленчай акцыяй царскіх уладаў”, – так прафесар Яўген Мірановіч напісаў ва ўступе да кнігі “Бежанства. 1915 год”.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота inion.ru