Тэма будаўніцтва АЭС гучыць на выбарчых пікетах
Тэма будаўніцтва беларускай атамнай станцыі гучыць на выбарчых пікетах. Кандыдат у дэпутаты па Смаргонскай выбарчай акрузе №59 Дзмітрый Кучук як сябра Беларускай партыі “Зялёныя” выступае супраць гэтага будаўніцтва. Акрамя пікетаў, ягоная каманда плануе ажыццявіць рассылку антыядзерных улётак у Смаргоні і Астраўцы, а таксама размаўляць на гэтую тэму ў час сустрэчы з выбаршчыкамі:
— Гэта для нас асноўныя пытанні, якія мы паставілі на перыяд выбарчай кампаніі: падняць тэму будаўніцтва атамнай станцыі, данесці нашу пазіцыю да насельніцтва. У нас на выбарчай акрузе ёсць старшыня выканкама Кавалькоў, які з’яўляецца зацятым прыхільнікам атамнай станцыі, і я, як прадстаўнік партыі зялёных, і Ўласевіч, мы выступаем супраць атамнай станцыі. Таму акруга даволі цікавая.
На падставе маніторынгу, праведзенага ў час пікетаў, актывісты падлічылі, што дзве траціны людзей выказваюцца супраць будаўніцтва атамнай станцыі. Днямі стала вядома, што корпус рэактара, які прывезлі ў Астравец, будзе заменены. Гэта стала вынікам інцыдэнту, падчас якога корпус пры яго перамяшчэння на будаўнічай пляцоўцы ўпаў з вышыні некалькіх метраў. Паводле экспертаў, замена корпуса можа на год адкласці планы, звязаныя з узвядзеннем станцыі.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя