Тэма дня – Кейс Пратасевіча



Раман Пратасевіч атрымаў восем гадоў калоніі 3-га траўня, але ягоная справа будзе яшчэ доўга разглядацца грамадскасцю з розных бакоў.

І я таксама як тысячы іншых беларусаў стаяў рукамі на сцяну. І думаў: ляснуць дубінкай, ці не? А калі лупцануць, топ а нагах, нырках, спіне, ці па ўсім адразу?

Дробныя крымінальнікі, з якімі я сядзеў у ізалятары часовага ўтрымання гораду Пінску, дзівіліся чаму да мяне такая пільная ўвага. «Шмон», то бок праверка камеры, былў у два разы часцей, чым звычайна. Раз мне нават у рот зазіралі, кшталту, ці не схаваў я там якую дробную заточку.

Уначы два разы будзілі, каб я назваў сваё імя і артыкул. Гэта ўжо не толькі маральны, але і фізічны здзек, бо ты ўвесь час недаспаты, а значыць больш уразлівы.

Гэта ўсё я распавядаю да таго, што «сядзець» можна па-рознаму. А ўявіце, што цябе кожны дзень пры гэтым б’юць. Магу толькі здагадвацца, што чалавек па-ціху вар’яцее.

Далёка не ўсе людзі маюць такую сілу духу казаць «не», калі цябе праз катаванні прымушаюць падпісаць, напрыклад, заяву пра памілаванне. Ці «супрацоўнічаць са следствам» у іншы спосаб. 

Вось Пратасевіч супрацоўнічаў-супрацоўнічаў, а свае восем гадоў атрымаў. Але калі я чытаю, што Раман Пратасевіч прайграў двойчы, я разумею, што людзі, якія такое гавораць, «там», у засценках лукашыстаў, не бывалі.

Забойства Вітольда Ашурка, катаванні Сцяпана Латыпава, а пасля іншых новых герояў супраціву да купы са «старымі» Паўлам Севярынцам, Міколам Статкевічам ды анархістамі, сярод якіх самыя вядомыя Ігар Аліневіч і Мікола Дзядок. А цяпер і Віктар Бабарыка. Насамрэч, значна больш вядомых і малавядомых людзей.

Так і ўяўляю як кажуць Пратасевічу: «Вось, глядзі. Можаш сядзець як яны. А можаш ціха-спакойна, заведываць бібліятэкай ці радыёвузлом на зоне». Ці хто ж можа кінуць камень за тое, што закладнік у руках крывавага ворага абірае найменшы шлях супраціву? Вызваліцца, сам раскажа як было.

Я асабіста не веру ў тое, што Раман Пратасевіч адбудзе ўвесь тэрмін, які пачынаецца ад 23 траўня 2021 году, калі самалёт Афіны – Вільня, дзе ён ляцеў, быў пірацкім спосабам захоплены лукашыстамі.

Кейс Пратасевіча толькі пачынаецца. Бо ён адзін з найважным сведкаў у будучых судовых працэсах над памагатымі мультызлачынцы Лукашэнкі.

Беларускае Радыё Рацыя