Тэма дня – Міфы пра Беларусь
Прывітанне, з вамі Севярын Квяткоўскі.
Сёння я гавару з вамі з Грузіі, але я імкнуся бываць у розных краінах.
Міфы пра Беларусь залежаць ад нас – беларусаў.
«Выхад у горад» – так звалася аўтарская рубрыка Змітра Бартосіка ў той – інтэлектуальнай – «Нашай Ніве».
Батумі люблю за тое, што «выхад у горад» тут без нечаканых паваротаў сюжэту не бывае.
Сядзім такія за столікам у цэнтры гораду з ачольнікам беларускай грамадскай арганізацыі, гаворым пра сваё пра беларускае, беларускай мовай, натуральна.
Побач кумпанія грузінаў сталага веку. Грузіны сыходзяць раней. Адзін звяртаецца да нас:
– Ребята, вы из Украины?
Зразумела, што беларуская і ўкраінская мовы на грузінскае вуха гучаць блізка.
– Почти, – кажу, – мы беларусы.
На колькі ў нас шмат міфаў пра Грузію, на столькі ў іх шмат пра Беларусь. Калі ў Грузіі кажаш, што з Беларусі, у суразмоўцы аблічча робіцца прасвятлённым.
– Беларусь! Я в советские времена был в Гомеле. Я вам цирк лилипутов привозил!
Каламбурная сітуацыя, але. Але я больш як за год у Грузіі наслухаўся кампліментаў пра беларусаў. І гэты чалавек з Грузіі, ён сваімі «ліліпутамі», ён хацеў сказаць лепшае.
Але вернемся, напрыклад, у Польшчу. Там не адзін раз мне даводзілася абараняць украінцаў ад наездаў польскіх «дрысяжаў».
«Дрысяж» – гэта гопнік. Польскі гопнік калі чуе «усходні акцэнт», то актывізуецца. А тут я са сваім «крэсовым», як яны кажуць, акцэнтам. І я жорстка адказваю. І міф пра нейкіх памяркоўных «бялорусінуф» знікае як дым над вадою.
А ёсць яшчэ ўкраінскі міф пра «мокшаў». Гэта такі фіна-вугорскі этнас, які існаваў на тэрыторыі сучаснай Масквы. І некаторыя ўкраінскія прагрэсары выкарыстоўваюць імя «мокшаў», каб прынізіць сучасных крамлёўска падданых.
А цяпер узгадаем міф пра Лукашэнку.
І ў Грузіі, і ва Украіне, і ў паўднёвых Літве і Латвіі гэты персанаж набіраў максімальныя працэнты ў апытаннях пра лепшага замежнага палітыка.
Чалавек, павінны ў забойствах і катаваннях, у мясцовых «простых людзей» выклікаў пазітыў.
Я заўжды казаў, што мяне не цікавіць меркаванне «цёці Зіны з магазіну» з Харкаўскай вобласці, ці з пасёлку гарадскога тыпу Літвы, Латвіі ці Польшчы.
Мяне цікавіць на колькі можа апусціцца чалавек з палітыкі дзеля дасягнення сваех сіюмінутных справаў.