Тэма дня: Мінуў тыдзень
Паглядзім на мінулы тыдзень. Згадаем прысуд выдаўцу закрытай ужо «Рэгіянальнай газеты» Аляксандру Манцэвічу; згадаем пра прысуд музыкантам рок-гурту «Tor Band»; згадаем Ордэн Брытанскай імперыі для стваральнікаў і рэалізатараў «Свабоднага тэатру», пагаворым пра іншыя падзеі ў Беларусі і сярод беларусаў.
На мінулым тыдні адбылася традыцыйная грамадска-мастацкая акцыя «Ноч (не) расстраляных паэтаў». Імпрэзы пачаліся ладзіцца яшчэ ў 20-х чыслах кастрычніка, але найбольш адбылося з 29 па 31 кастрычніка ва ўсіх беларускіх дыяспарах, але найбольш у Польшчы, Літве і Грузіі.
__________________________
31 кастрычніка стаўся вядомы прысуд удзельнікам гурту «Tor Band». Гэта тыя самыя хлопцы з Рагачова, якія прагрымчэлі на ўсю Беларусь праз свае хіты «Жыве Беларусь!», «Беларус Беларусу Беларус», «Мы беларусы» ды іншыя, якія заклікаюць да чалавечай і нацыянальнай годнасці і самапавагі.
Яўген Бурло, Дзмітры Галавач, Андрэй Ярэмчык. Ім «выпісалі» ад сямі з паловай да дзевяці гадоў зняволення.
__________________________
Таксама 31 кастрычніка сталася вядомым пра тое, што тэлеграм-каналы шэрагу дзеячаў культуры прызнаныя «экстрэмісцкімі». Сярод іншых паэта Андрэя Хадановіча і кіраўніка «Свабоднага тэатру» Мікалая Халезіна.
Сам Мікалай чакае пасля Новага году аўдыенцыі ў адным з каралеўскіх замкаў Вялікай Брытаніі, дзе атрымае Ордэн Брытанскай імперыі за ўнёсак у развіццё тэатру. А ягоная Жонка і сузаснавальніца «Свабоднага тэатру» Наталля Каляда ўжо на мінулым тыдні 2 лістапада атрымала такі самы Ордэн з той самай фармулёўкай.
Мяркую, гэта не толькі прызнанне асабістых высілкаў Наталлі і Мікалая ды іх паплечнікаў па тэатры, гэта яшчэ вялікі ўнёсак у імідж беларускай незалежнай супольнасці.
__________________________
2 лістапада для асуджаных музыкантаў з «Tor Band» толькі за суткі сабралі больш за дзевяць тысяч еўра. Цягам канца тыдня сума значна паболела.
Наагул лічыцца, што да 15 000 беларусаў толькі за мяжой рэгулярна фінансава падтрымліваюць пацярпелых суайчыннікаў. Яшчэ большае кола лагістычнай і проста эмацыйнай падтрымкі.
__________________________
3 лістапада на чатыры гады калоніі асудзілі легенду беларускіх незалежных медыяў Аляксандра Манцэвіча, заснавальніка і галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» з Маладзечна.
Вось як адгукаецца на навіну пра прысуд былы журналіст «Рэгіянальнай газеты Алег Гаруновіч: «Аляксандру Манцэвічу далі чатыры гады за немагчымае – за дыскрэдытацыю рэжыму Лукашэнкі. Цалкам незразумела, як гэтую банду можна дыскрэдытаваць. Хіба што прыпісваць ёй нейкія чалавечыя якасці».
__________________________
4 лістапада выданне «Reform.by» заўважыла, што Лукашэнка даў загад сваім спецслужбам актывізавацца за мяжой. Цяпер выведка дыктатара будзе займацца апярэджаннем шкоды «нацыянальным інтарэсам» з боку «экстрэмісцкіх арганізацый і асобных асоб».
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя