Тэма дня – Не іх Мулявін



Міністэрства культуры РБ вельмі добра распіярыла серыял «За полчаса до весны», «забаніўшы» двух актораў, якія ў 2020 годзе праявілі сваю грамадзянскую пазіцыю супраць дыктатуры.

Прывітанне, з вамі Севярын Квяткоўскі. Першы эпізод любога серыялу задае тон на ўсе астатнія выпускі. Я пачаў глядзець «За пол часа до весны», і тут выкажуся не пра мастацкія вартасці, а пра тое, «што хацелі сказаць стваральнікі». Дакладней, замоўцы ад ідэалагічнай бюракратыі з пасведчаннямі «работнікаў культуры».

Серыял замаўляўся расейскаму вытворцу перад 2020 годам. То бок, у часы так званай «мяккай беларусізацыі». Гэта калі БРСМ ладзіў Дзень вышыванкі, а стагоддзе БНР адзначалася ў цэнтры Менску. Калі быў дзяржзаказ на прасоўванне Беларусі ў свеце. А «Песняры» – адзін з брэндаў, які хоць і нарадзіўся ў часы СССР, але не быў запэцканы камуністычнай ідэалогіяй.

З Уладзімірам Мулявіным для лукашэнкаўскіх палітпіяршчыкаў наагул нявыкрутка атрымалася. Кампазітар і выканаўца, які нарадзіўся і вырас на расейскім Урале, трапіў у Беларусь і закахаўся ў тое, што савецкае імперыя знішчала – у нацыянальную адметнасць. У нашым выпадку ў беларускія фальклор і паэзію.

Больш за тое, Уладзімір Мулявін выконваў гімн «Пагоня» на верш Максіма Багдановіча і «Малітву» на верш Янкі Купалы. Сёння падобныя выступы пацягнулі б на «экстрэмізм», не менш.

Цікава было б паглядзець як змяняўся сцэнар серыялу. Што прапаноўвалася і што выкідалася па «палітычных матывах».

У кожным разе заказчык убачыў Уладзіміра Мулявіна савецкім, шэрым невыразным чалавекам – як сябе.

У той час як Мулявін ёсць яскравай асобай, якая жыла і стварала насуперак панураму саўку. А самае галоўнае – насуперак палітыцы русіфікацыі. Адна толькі забаўляльная песня «Касіў Ясь канюшыну» зрабіла для папулярызацыі беларускасці больш, чым усё Міністэрства культуры разам узятае.

Дзякуючы Уладзіміру Мулявіну беларускае сталася стыльным, модным, маладзёжным. Хай сабе сярод невялікай, але прасунутай, на савецкія часы часткі публікі.

Беларушчына Мулявіна была жывая, сучасная, а не экспанатам з музею, як хацелі бачыць партыйныя дзеячы нацыянальнае ва ўсіх савецкіх рэспубліках. Чытай – калоніях.

Я спадзяюся калі-небудзь убачыць наш, беларускі па духу і змесце, фільм пра Уладзіміра Мулявіна. Я хачу пабачыць рэжысёрскае вырашэнне і акторскую работу, дзе галоўны герой адкрывае для сябе гэты цуд – цуд беларушчыны.