Тэма дня: Ці хутка развіваюцца беларускія дыяспары?
Мінула ўсяго два з лішкам гады найноўшай беларускай эміграцыі. Відаць, самай вялікай палітычнай за ўсю гісторыю. Актыўна ідуць дыскусіі на тэму перспектываў для будучыні беларусаў за мяжой.
Я часта сустракаю бязрадасныя прагнозы, маўляў, мала робіцца беларусамі, каб захаваць і развіць сябе падчас вымушанага перасялення з Радзімы. Паспрабуем аспрэчыць тых, хто павесіў насы.
Асабіста я прыдумаў сваё азначэнне для людзей, якія вечна прадказваюць Беларусі канец, а беларусам заняпад і знікненне. Такіх людзей я называю словам “беланыцікі”. Паспрабуем зразумець прыроду гэтага трывала енку.
Большасць негатыву было закладзена яшчэ ў савецкай школе, а палова цяперашніх беларусаў вучылася ў часы БССР. Там нам убівалі ў галовы, што беларус: пан сахі і касы – цёмны, сляпы нібы крот. І што мужык дурны як варона, і што беларус – гэта сінонім таго мужыка. Мала каму хацелася асацыяваць сябе з падобным вобразам.
Пры тым, што акурат БССР урбанізавалася хутчэй за іншыя правінцыі савецкай імперыі.
Сёння мы маем самы шматлікі крэатыўны клас між Балтыйскім і Чорным морам. Але ныцікі не здаюцца.
Колькі беларусаў з’ехала? Ніхто дакладна падлічыць не можа. Даюць вялікую разбежку: ад двухсот да пяцісот тысяч.
Згодна даследаванняў незалежных сацыёлагаў, палова ад вымушана перамешчаных беларусаў жывуць у Польшчы. Дзесяць працэнтаў у Грузіі. Далей ідуць Літва і Нямеччына.
Беланыцікі, якіх я сустракаў, ужо тут і цяпер хочуць разгалінаваную сетку дзіцячых садкоў, школ і хоць адзін універсітэт.
Я на адказ цверджу, што людзям патрэбна не менш за год, каб яны пасля шчыльнага кантакту з лукашызмам аднавілі сваю нервовую сістэму, і наагул сталі на ногі ў новай – замежнай – рэальнасці.
Тым не менш, я назіраю досыць вялікую культурную і адукацыйную актыўнасць унутры свежых дыяспар.
Напрыклад, у далёкім грузінскім Батумі кожны тыдзень адбываюцца беларуска арыентаваныя мерапрыемствы. А, напрыклад, жыхары Беластоку наагул балаваныя ў лепшым сэнсе слова шматлікімі музычнымі, літаратурнымі ды гістарычнымі імпрэзамі ад беларускіх выступоўцаў. А ёсць жа яшчэ Варшава, дзе беларускага жыцця ці не больш, чым у Менску перад пачаткам ковіду.
Для ўсяго патрэбны час, для станаўлення дыяспар пагатоў.
Проста памятаем, што развіццё культуры і адукацыі за мяжой – першы крок, каб застацца самімі сабой.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя