Тэма дня: Як і для чаго прыціскаюць сваякоў актывістаў
У Беларусі чарговы пакараны сваяк грамадска-палітычнага актывіста. Гэта Арцём Лябедзька, сын аднаго са стваральнікаў Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі.
Прывітанне, з вамі Севярын Квяткоўскі. Пагаворым пра сталінскі прынцып віны блізкіх сваякоў «ворагаў народу».
У прынцыпе «сталінскі» – гэта вішанька на торце. Браць у закладнікі сваякоў даўняя традыцыя «хомо сапіенс». Проста бальшавікі як ніхто максімальна развілі тэму ў палітычным кірунку.
Адной з першых ахвяр захопу сваякоў сталася пяцідзесяці шасці гадовая Гаэнэ Ахціян – маці анархіста Рамана Халілава.
Жанчына стоячы на на каленях, на камеру губазікаў выбачалася за свой удзел у акцыях пратэсту. На спадарыню завялі крымінальную справу. Сын з’ехаў за мяжу, і такі вось здзек з маці тэарэтычна мусіў вярнуць маладога чалавека на радзіму, то бок у лапы органаў.
Іншы прыклад з бацькамі Маргарыты Ляўчук, опернай спявачкі. Якая па-за асноўнай дзейнасцю працуе над праектам «Красная зелень». Гэта паспяховы відэапраект на ютубе, дзе вельмі жорстка і дасціпна высмейваюцца ябацькаўскія рэаліі. Бацькам Маргарыты, якія жывуць у Берасцейскай вобласці, зладзілі не адзін ператрус.
І трэці блок пераследу бацькоў – гэта беларускія дабраахвотнікі ў шэрагах Збройных сіл Украіны. Ператрус, і адпаведнае «узяццё на карандаш».
Напрыклад, гісторыя Дзяніса Урбановіча. Сілавікі прымусілі бацьку беларускага байца ЗСУ выступіць на відэа з заклікам да сына вяртацца ў Беларусь. «Адседзіш дзясятку якую, Бог зь ім, затое будзеш жыць на Радзіме, а так будзе вельмі дрэнна», – кажа бацька ў роліку. Наўрад ці такое можна сказаць дабраахвотна.
Я прывёў усяго тры разнапланавых сітуацыі, калі лукашысты ў пагонах выкарыстоўваюць блізкіх людзей для шантажу: будзь-то арыштаваных, ці будзь-то недасяжных для карнікаў людзей.
Сама гэтая з’ява ціску на актывістаў праз бацькоў ці дзяцей у сучаснай Беларусі вартая асобнага даследавання, бо з адзінкавых выпадкаў перарасла ва ўстойлівую тэндэнцыю.
Цяпер шмат хто з экспертаў звязвае трывалы тэрор Лукашэнкі супраць грамадзян Беларусі не толькі жаданнем карнай сістэмы выжыць і перарасці ў штосьці большае, магчыма, у міні-ГУЛАГ.
Шэраг аглядальнікаў дапускаюць, што Пуцін і Лукашэнка маюць вялікія планы па шантажы ўсяго дэмакратычнага свету ядзернай зброяй. Таму ў Беларусі не могуць дапусціць нават намёк на пратэст. А таму не грэбуюць самымі нізкімі прыёмамі.
Беларускае Радыё Рацыя