Тэма Першай cусветнай усё больш цікавіць пінчукоў
Тэма Першай cусветнай вайны выклікае ўсё большую цікавасць у жыхароў Пінска. Гэта абумоўлена набліжэннем 2015 года, калі спаўняецца 100 гадоў з часу ўступлення кайзераўскіх войскаў на Палессе, як і ў цэлым на Беларусь.
Піншчына ўжо стала адметнай у параўнанні з іншымі рэгіёнамі краіны па ўшанаванню памяці гэтых трагічных падзей. З’явіўся помнік прысвечаны бою ў Мокрай Дуброве, выдадзена кніга ды распрацаваны турыстычны маршрут.
Тым не менш, старэйшы навуковы супрацоўнік Музею Беларускага Палесся Кацярына Севярын адзначае, што ў гэтай тэме пакуль больш белых старонак:
– Тэма бежанства падчас Першай сусветнай вайны практычна не вывучалася – гэта такая белая старонка. Як жылі людзі, што прынесла вайна для Пінска і Піншчыны, наогул для нашых людзей? Яшчэ вельмі цікавыя дзеянні партызан, разгром нямецкага штаба ў Невеле, які атрымаў шырокі розгалас, а таксама Лагішынская бітва – гэта подзвіг Рымы Івановай.
Напрацягу трох гадоў вайны краіну падзяляў фронт. Некаторыя гісторыкі адзначаюць, што цяжкі стан прымусіў беларусаў мабілізаваць сілы для барацьбы за вольную Беларусь. Фронт паміж Нямеччынай і Расеяй стаў цывілізацыйным расколам.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя