Тэмай моўных курсаў у Берасці стаў спорт
Пра свае дасягненні і цягу да беларускай мовы распавядаў у Берасці чэмпіён свету па тайскім боксе Віталь Гуркоў. Тут прайшлі чарговыя заняткі ў межах курсаў “Мова-Нанова”. Распавядаць пра спорт дапамагаў журналіст і музыка Яўген Валошын. Адзін з арганізатараў мерапрыемства, вядоўца Максім Хлябец адзначае, што на спартовыя тэмы гаварыць не заўсёды проста, але карысна:
— У нас на курсах другі раз «вычапілі» спартоўца. Першы раз быў Аляксандр Куль з менскіх «Цмокаў», а цяпер удалося выцягнуць Віталя Гуркова, можна сказаць, сусветнавядомага чалавека, спартоўцу, які размаўляе па-беларуску. Спорт— гэта своеасаблівая тэма. Людзі з задавальненнем прыходзяць слухаць нейкіх гісторыкаў, бо там паслухаць можна, дык пра спорт, быццам бы, што можна распавесці? Можна паглядзець на відэа ды ўсё. А ён паказаў, што для яго спорт і мова — гэта вельмі звязаныя рэчы.
Наступная сустрэча ў межах курсаў “Мова-Нанова” ў Берасці адбудзецца дзявятага студзеня. У госці прыездзе музыка Іван Кірчук з каляднай праграмай.
Беларускае Радыё Рацыя