Тэрэза Скірмунт зафундавала ў Беларусі помнік дзецям



Помнік дзецям, ахвярам рэпрэсій, вайны ды голаду, з’явіўся на Піншчыне ў вёсцы Бакінічы. Ініцыятыва і матэрыяльная дапамога належаць Тэрэзе Скірмунт, якая жыве ў Варшаве.

Бакінічы, былая маёмасць бацькі Тэрэзы – Станіслава Скірмунта. Іх сям’я трапіла ў Сібір, дзе загінула маленькая сястра Гражына ды знік брат Генрых. Менавіта аблічча Гражыны стала сімвалам, адбітым на помніку над словамі „Не больш вайне, не больш голаду!”.

„Гэта не першая акцыя Тэрэзы Скірмунт на Піншчыне”, – адзначыў краязнаўца Эдвард Злобін:

– Са сваёй пенсіі яна збірала сродкі, каб дапамагчы, як яна казала: „Сваім бакініцкім, дваровым”, часамі ў яе такое праскоквала, але жартам. Калі яна пачала прыязджаць у Бакінічы, прывозіла вялікую колькасць слодычаў, пасля яна пачала прывозіць лекі, яе ўжо пачалі прымаць за сваю, усе прызналі. У свае прыезды ў дзевяностыя гады прывезла з Ватыкана скульптуру Маці Божай, пабудавала такую невялікую слупавую капліцу, яна была ўрачыста асвечана ў 1996 годзе настаяцелем касцёла Станіславам Паўлінай, нават запрасілі святара айца Аляксандра з Парахонска.

Падчас усіх сваіх акцый Тэраза Скірмунт кажа, што ўсё гэта робіць дзеля таго, каб памяць пра іх род не забылі на Палессі. Пасля вяртання з высылкі Тэрэза Станіславаўна пасялілася  ў Варшаве.

[Not a valid template]

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя