Тэрмін бязвізавага знаходжання ў Беларусі падоўжаны да 30 дзён (абноўлена)
Тэрмін бязвізавага знаходжання замежных грамадзян у Беларусі павялічаны да 30-ці дзён. Аднак пры ўмове іх уезду ў краіну і наступнага выезду праз дзяржаўную мяжу ў Нацыянальным аэрапорце “Мінск”. Адпаведны ўказ падпісаў 24 ліпеня кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. На гэты ўказ ускладаецца шмат надзеяў: што ён паспрыяе далейшаму развіццю турызму ў краіне, што гэта добра адаб’ецца на эканоміцы, а таксама прывабіць у Беларусь розныя фестывалі, спартовыя спаборніцтвы, міжнародныя канферэнцыі і гэтак далей. Прыняцце дакумента каментуе старшыня Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч:
– Гэта трэба расцэньваць як абсалютна станоўчы крок. І добра, што, правёўшы ў тэставым рэжыме пяцідзённае бязвізавае знаходжанне для замежнікаў у Беларусі, улады зразумелі, што нічога дрэннага тут няма. Гэтыя фобіі, якія заставаліся яшчэ з часоў Савецкага Саюза, што замежнікі нясуць нейкае зло, іх трэба кантраляваць, абмяжоўваць візамі, адыходзяць на другі план. Натуральна, што тыя людзі, якія прыязджаюць у Беларусь, заключаюць тут нейкія дзелавыя кантакты. Тыя, што прыязджаюць як турысты, пакідаюць тут свае грошы. І для нашай эканомікі гэта станоўчы момант.
Аднак бязвізавы рэжым надалей мае шэраг хібаў. Адна з іх – абавязак рэгістрацыі замежніка, калі той знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі больш за пяць дзён. У гатэлях і санаторыях зрабіць гэта прасцей, бо там рэгістрацыю праводзіць адміністрацыя падчас засялення. Прыгадаем, што з 12 лютага 2017 года грамадзяне 80-ці краін маглі знаходзіцца ў Беларусі без візаў на працягу пяці дзён пры ўмове ўезду праз менскі аэрапорт.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Тэрмін бязвізавага знаходжання замежных грамадзян у Беларусі павялічаны да 30 сутак пры ўмове іх ўезду ў краіну і наступнага выезду праз дзяржаўную мяжу ў нацыянальным аэрапорце Менск. Адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 24 ліпеня, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.
У дакуменце адкарэктаваны пералік дзяржаў, грамадзяне якіх маюць права скарыстацца рэжымам бязвізавага ўезду і выезду: выключаныя краіны, з якімі Беларусь заключыла двухбаковыя пагадненні аб узаемнай адмене віз.
Для бязвізавага ўезду ў Беларусь замежным грамадзянам неабходна мець сапраўдны пашпарт або дакумент, які замяняе яго і прызначаны для выезду за мяжу, грошы (на кожны дзень знаходжання суму ў валюце або беларускіх рублях, эквівалентную не менш чым дзвюм базавым велічыням (24,5 х 2 = 49 рублёў), альбо 50 базавым велічыням (1.225), калі знаходжанне складзе поўныя 30 дзён), медыцынскі страхавы поліс, які дзейнічае ў Беларусі, на суму не меншую за 10 тыс. еўра.
Для грамадзян В’етнама, Гаіці, Гамбіі, Індыі, Лівана, Намібіі і Самоа абавязковым дадатковым патрабаваннем з’яўляецца наяўнасць у пашпарце сапраўднай шматразовай візы дзяржаў ЕЗ або Шэнгенскай зоны з адзнакай аб ўездзе на іх тэрыторыю, а таксама авіябілетаў з пацвярджэннем ў іх вылету з нацыянальнага аэрапорта Менск на працягу 30 дзён з даты ўезду.
У дачыненні да грамадзян Кітая гэты парадак бязвізавага ўезду ў Беларусь будзе прымяняцца да 10 жніўня 2018 года, калі набудзе моц двухбаковае пагадненне аб узаемным бязвізавы рэжыме для ўладальнікаў звычайных пашпартоў.
„Парадак бязвізавага перамяшчэння праз аэрапорт не распаўсюджваецца на асоб, якія прыбываюць у Беларусь авіярэйсамі з Расеі, а таксама якія плануюць вылецець у расейскія аэрапорты, бо гэтыя рэйсы з’яўляюцца ўнутранымі і пагранічны кантроль на іх не ажыццяўляецца”, — адзначаецца ў рэлізе.
Бязвізавы рэжым таксама не распаўсюджваецца на замежных грамадзян, якія едуць у Беларусь для працаўладкавання, вядзення камерцыйнай дзейнасці і навучання, працягласць якога перавышае 30 сутак.
Тэрмін бязвізавага знаходжання вылічваецца ў цэлых каляндарных сутках. Першым суткам адпавядае дата прыбыцця, апошнім — дата адбыцця (незалежна ад часу прыбыцця або адбыцця). Пры гэтым тэрмін бязвізавага знаходжання не можа быць прадоўжаны звыш за ўстаноўленыя 30 сутак.
Замежныя грамадзяне, якія плануюць знаходзіцца ў Беларусі больш за пяць рабочых дзён, павінны будуць зарэгістравацца ў органах унутраных спраў па месцы свайго знаходжання ў краіне. Пры пражыванні ў гасцініцах, хостэлах, санаторыях і іншых „калектыўных сродках размяшчэння” рэгістрацыя ажыццяўляецца адміністрацыямі гэтых устаноў „па змаўчанні падчас засялення”.
Прыняцце ўказа закліканае „садзейнічаць далейшаму развіццю беларускай турыстычнай галіны, забяспечыць даступнасць санаторнага і медыцынскага турызму ў Беларусі, стаць адным з немалаважных фактараў садзейнічання развіццю эканомікі краіны, уключанасці Беларусі ў сусветнагаспадарчыя сувязі, узмацніць яе пазіцыю як зручнай пляцоўкі для арганізацыі міжнародных форумаў, канферэнцый, фестываляў , спартыўных спаборніцтваў”.
Дакумент набывае моц пасля афіцыйнага апублікавання.
З 12 лютага 2017 года грамадзяне 80 краін маглі знаходзіцца ў Беларусі без віз на працягу пяці дзён пры ўмове ўезду праз менскі аэрапорт.
Фота БелТА