Тэрмін утрымання пад вартай Марфы Рабковай працягнуты да 17 сакавіка



Тэрмін утрымання пад вартай каардынатара валанцёрскай службы праваабарончага цэнтра „Вясна” Марыі (Марфы) Рабковай працягнуты на два месяцы — да 17 сакавіка, паведаміў тэлеграм-канал валанцёрскай службы.

Рабкова была затрыманая 17 верасня 2020 года. Яна абвінавачваецца на падставе часткі 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках) і знаходзіцца ў СІЗА № 1 Менска.

14 снежня суд Партызанскага раёна сталіцы (суддзя Кацярына Чайко) адмовіў Рабковай у змене меры стрымання, не задаволіўшы скаргу на рашэнне суда ад 12 лістапада аб працягу тэрміну ўтрымання пад вартай. У межах кампаніі па зборы паручальніцтваў ад грамадзян за вызваленне з-пад варты Рабковай было сабрана прыблізна 200 паручальніцтваў.

Беларускія праваабаронцы прызналі Рабкову палітзняволенай.

Раней валанцёрская служба „Вясны” паведаміла, што бюро па дэмакратыі, правах чалавека і працы Дзярждэпартамента ЗША распачало кампанію вызвалення Рабковай, а ўрад ЗША будзе ўважліва сачыць за яе лёсам.

belapan.by