Тэрмін утрымання пад вартай Мікалая Статкевіча працягнуты да 29 траўня
Тэрмін утрымання пад вартай апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча працягнуты яшчэ на два месяцы — да 29 траўня, паведаміла ягоная жонка Марына Адамовіч на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”. Паводле яе слоў, Статкевіч пачаў знаёміцца з крымінальнай справай.
Мікалай Статкевіч быў затрыманы 31 траўня мінулага года. Яго пакаралі адміністрацыйным арыштам за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, аднак пасля заканчэння тэрміну арышту не выпусцілі, абвясціўшы падазраваным у межах „справы Ціханоўскага” паводле ч. 1 арт. 342 КК (падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак; да трох гадоў пазбаўлення волі). Абвінавачанне па гэтым артыкуле палітыку было выстаўленае 8 ліпеня.
15 снежня Статкевічу выставілі новае абвінавачанне — падрыхтоўка масавых беспарадкаў (ч. 2 арт. 293 КК). Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле — восем гадоў пазбаўлення волі.
Праваабаронцы прызналі палітыка палітвязнем.