Тэрмін утрымання пад вартай Таццяны Ласіцы працягнулі да 10 дзён
Памочніца праваабаронцы Леаніда Судаленкі Таццяна Ласіца пераведзеная ў СІЗА № 3 Гомеля, тэрмін яе ўтрымання пад вартай працягнулі да 10 дзён, паведамляе „Гомельская вясна”.
22 студзеня ў Ласіцы адбыўся допыт у Следчым камітэце, дзе яна знаходзілася з 12:00 да 19:00. На допыце прысутнічаў яе адвакат, якая дала падпіску пра неразгалошванне.
Жыхарка Рэчыцы Таццяна Ласіца была затрыманая 21 студзеня ў менскім аэрапорце перад пасадкай на рэйс у Вільню.
Як паведамлялася раней, 5 студзеня дома ў Ласіцы прайшоў вобшук. Міліцыя забрала ў яе камп’ютары і тэлефоны. У гэты ж дзень вобшук праходзіў у офісе праваабаронцаў у Гомелі і ў кватэрах Леаніда Судаленкі, Васіля Палякова і Мікалая Новікава.
18 студзеня пасля допыту ў Следчым камітэце Судаленка быў затрыманы і змешчаны ў ІЧУ. Таксама была затрыманая ягоная памочніца Марыя Тарасенка. Яны прызнаныя палітычнымі вязнямі. 21 студзеня праваабаронцу перавялі ў СІЗА, а яго памочніцу — адпусцілі.
У дачыненні да Судаленкі, паводле неафіцыйнай інфармацыі, распачатая крымінальная справа на падставе часткі 2 артыкула 342 КК (фінансаванне масавых беспарадкаў).