Тэрмін утрымання пад вартай журналіста Андрэя Аляксандрава працягнуты на месяц



Тэрмін утрымання пад вартай журналіста і медыяменеджара Андрэя Аляксандрава працягнуты на месяц — ён застанецца за кратамі да 12 мая. Пра гэта БелаПАН паведаміў адвакат Аляксандрава Антон Гашынскі пасля наведвання свайго падабароннага ў СІЗА.

Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна былі затрыманыя 12 студзеня. 14 студзеня ў рамках расследавання справы Аляксандрава прайшоў вобшук у офісе інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, дзе ён у 2014—2018 гадах займаў пасаду намесніка дырэктара.

Медыяменеджар і яго дзяўчына падазраюцца сілавікамі ў фінансаванні пратэстнай дзейнасці. „Устаноўлена, што 42-гадовы Андрэй Аляксандраў і яго 31-гадовая сужыцелька Ірына Злобіна са жніўня 2020 года займаліся фінансаваннем асоб, якія бралі ўдзел у масавых беспарадках і іншых пратэстных акцыях на тэрыторыі горада Менска, у тым ліку шляхам аплаты штрафаў, кампенсацыі ўтрымання ў ЦІП і ІЧУ і гэтак далей”, — заявіў раней намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч.

Паводле яго слоў, з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 года Аляксандраў і Злобіна аплацілі больш за 250 штрафаў на розныя прозвішчы. Грашовыя сродкі для гэтых мэтаў былі перададзеныя фондам By_Help.

12 красавіка стала вядома, што ўпраўленне Следчага камітэта па Менску распачало крымінальныя справы ў дачыненні да сузаснавальнікаў ініцыятывы BY_Help Аляксея Лявончыка і Андрэя Стрыжака, якія, паводле версіі следства, звязаныя з Аляксандравым і Злобінай. „УСК па горадзе Мінску працягвае расследаванне крымінальнай справы, распачатай па факце масавых беспарадкаў, якія адбыліся на тэрыторыі сталіцы летась. Па згаданай крымінальнай справе абвінавачанымі ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных чч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, прызнаныя Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна. Падчас папярэдняга расследавання следчымі ва ўзаемадзеянні з ГУБАЗіК МУС выяўленыя факты арганізацыі і перадачы Аляксеем Лявончыкам і Андрэем Стрыжаком пры дапамозе іншых асоб грашовых сродкаў для наступнага іх выкарыстання ў злачыннай дзейнасці Аляксандрава і Злобінай”, — гаворыцца ў паведамленні СК.

У той жа час праваабаронцы сцвярджаюць, што аплата штрафаў не з’яўляецца фінансаваннем групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Як растлумачыў БелаПАН праваабаронца Валянцін Стэфановіч, калі б Аляксандраў іх сапраўды фінансаваў, яго мэты і намер былі б накіраваныя на тое, каб плаціць грошы людзям за здзяйсненне канкрэтных дзеянняў. На думку праваабаронцы, у гэтым выпадку Аляксандраў займаўся праваабарончай дабрачыннай дзейнасцю, „таму што грошы былі сабраныя людзьмі, для таго каб камусьці дапамагаць”. Стэфановіч лічыць выстаўленае абвінавачанне недарэчным і звязвае яго з публічнай і праваабарончай дзейнасцю Аляксандрава. Таксама, паводле слоў Стэфановіча, артыкул 342, па якім абвінавачваюць Аляксандрава, адносіцца да катэгорыі менш цяжкіх і для ўзяцця абвінавачванага пад варту следству патрэбна сур’ёзная матывіроўка — што Аляксандраў, да прыкладу, небяспечны для грамадства або можа ўздзейнічаць на сведак і пацярпелых. „Як я разумею, ніякай матывацыі ў гэтым выпадку не было”, — сказаў праваабаронца.

У СІЗА Аляксандраў і Злобіна пастаўленыя на ўлік у якасці асоб, схільных да экстрэмізму.

Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

belapan.by