„Тэрміны пакарання абсалютна не адпавядаюць таму, што яны здзейснілі”



Да ліпеня чатырнаццаць пінчукоў-палітвязняў, якія ўжо атрымалі вялікія тэрміны па гучнай “пінскай справе”, будуць знаходзіцца ў баранавіцкім СІЗА №6. Пакуль ідзе працэдура апеляцыі.

Па словах старшыні Пінскай арганізацыі сацыял-дэмакратаў Веранікі Івановай, пакаранне на нейкі момант дэмаралізавала палітвязняў і іх блізкіх:

– Крыху яны разгубіліся, у іх усё ж такі жыў аптымізм. Яны меркавалі, што тэрміны будуць пачынацца з ніжняй мяжы 3-4 гады. Але гэта не так. Тэрміны сапраўды не адпавядаюць таму, што яны здзейснілі. Як можна даваць 6 гадоў за кінутую жменю зямлі, якая не магла нікому нанесці шкоды. Тэрміны абсалютна не адпавядаюць.

Першыя чатырнаццаць фігурантаў “пінскай справы” атрымалі ад 5,5 да 6,6 гадоў зняволення. Ужо да судовага працэсу рыхтуецца другая група з васьмі жыхароў Пінска, іх узялі пад арышт напрыканцы сакавіка.

Беларускае Радыё Рацыя