Тэрміны ўступнай кампаніі пераносяцца
Тэрміны ўступнай кампаніі ў Беларусі сёлета перасунутыя амаль на два тыдні, паведаміў міністр адукацыі Ігар Карпенка. Першы тэст на цэнтралізаваным тэставанні пройдзе 25 чэрвеня. Раней пачаткам ЦТ называлася 13 чэрвеня. „Бліжэйшым часам мы прадставім новы графік правядзення ЦТ. Цяпер усё яшчэ раз адпрацуем, уважліва паглядзім. Тое, што ЦТ пачнецца 25 чэрвеня, — гэта дакладна”, — перадае БЕЛТА словы міністра. Тэставанне па найбольш масавых прадметах падзеляць на два дні, заявіў Карпенка. Гаворка ідзе пра матэматыку і рускую мову. Прычым заданні ў другі дзень будуць адрознівацца ад першага.
„У нас па кожным прадмеце створана даволі вялікая база, і кожны раз дзяржкамісія метадам кампутарнага адбору прадаставіць адпаведны тэст”, — патлумачыў ён.
Фота БелТА