Толькі 3 прадстаўнікі БНФ уключаны ў камісіі



У межах выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў у Беларусі да 3 студзеня 2018 году рашэннямі раённых выканкамаў і раённых адміністрацыяў былі сфармаваныя ўчастковыя выбарчыя камісіі.

Як вынікае з папярэдніх паведамленняў назіральнікаў, у склад камісій атрымалася патрапіць толькі адзінкам з вылучэнцаў Партыі БНФ: у Бярозаўскім раёне Берасцейскай вобласці ў склад выбарчых камісій участкаў №10, №29 і №30 уключылі па адным прадстаўніку БНФ.

Агулам па краіне ў выбарчыя камсіі было вылучана каля 60 сябраў БНФ ва ўчастковыя выбарчыя камісі па тых акругах, дзе будуць вылучацца кандыдаты ў дэпутаты ад Партыі БНФ. Як выглядае, гэтая выбарчая кампанія стане рэкорднай па найменшай уключанасці сябраў БНФ ва ўчастковыя выбарчыя камісіі за апошнія гады: меншая колькасць была толькі падчас мясцовых выбараў 2003 году, калі ва ўчастковую камісію патрапіў увогуле толькі адзін прадстаўнік Партыі БНФ. Для параўнання, на мясцовых выбарах 2010 года ва ўчастковых выбаркамах працавала 17 фронтаўцаў.

Сітуацыю каментуе намеснік старшыні Партыі БНФ Зміцер Салошкін:

– Улады цалкам адмовілі ва ўключэнні прадстаўнікоў БНФ у выбарчыя камісіі ў Менску – з 22 чалавек, якія вылучаліся па Партызанскім, Першамайскім, Савецкім і Маскоўскім раёнах у склад камісій не ўключылі ніводнага чалавека, вылучэнцам іншых дэмакратычных партыяў у абсалютнай большасці выпадкаў таксама было адмоўлена. Адметна, што сталіцу яны так зачысцілі цалкам, да стэрыльнасці. Ды і ў прысталічным Менскім раёне ніводнаму з трох вылучэнцаў БНФ не далі месца ў камісіі – з выканкамаў ім нават не тэлефанавалі для спраўджвання звестак. Таксама нікога з вылучэнцаў БНФ не ўключылі ў камісіі ў Магілёве, Гародні, Слуцку, Салігорску, Слоніме ды іншых гарадах – паведаміў Зміцер Салошкін.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў даў палітычную ацэнку этапу фармавання ўчастковых выбарчых камісіяў і неўключэнню ў іх склад прадстаўнікоў Партыі БНФ:

 – Бачна, што на гэтых выбарах колькасць сябраў выбарчых камісіяў, якія настроеныя сапраўды лічыць галасы выбаршчыкаў, будзе найменшая. Астатнія, гэтыя ўсе прадстаўнікі БРСМ, Белай Русі, Чырвонага крыжа, аб’яднання вэтэранаў, прафсаюзных структураў ФПБ, саюза жанчын, а таксама фантомных партыяў накшталт Рэспубліканскай ці Сацыяльна-спартовай – яны маюць на гэтых выбарах зусім іншыя задачы, скіраваныя на забеспячэнне распрацаванага ўладамі сцэнару.

На мясцовых выбарах супадаюць два фактары, якія абумоўліваюць больш жорсткі адсеў прадстаўнікоў апазіцыі ад удзелу ў участковых выбарчых камісіях. Па-першае: няма міжнародных місіяў назірання, таму уладам няма сэнсу прадстаўляць прысутнасць апазіцыі ў выбаркамах у якасці індыкатара “дэмакратычнасці” выбарчага працэсу. Па-другае: нягледзячы на тое, што афіцыйны парог яўкі адсутнічае, ведамства Ярмошынай замаўляе ад сваіх падначаленых амаль 80% яўкі, а значыць, дамагчыся патрэбнай лічбы супрацоўнікам участковых камісіяў будзе яшчэ больш складанай задачай, чым, напрыклад, на прэзідэнцкіх выбарах, дзе так альбо інакш нейкая колькасць людзей на выбарчыя ўчасткі прыходзіць.

У цэлым этап фармавання ўчастковых камсіяў сведчыць: улады не проста рыхтуюцца да рэалізацыі звыклага адміністратыўнага сцэнару правядзення выбараў, калі абвешчаныя вынікі маюць мала агульнага з сапраўдным аволевыяўленнем выбаршчыкаў – яны нават хочуць рэалізаваць гэты сцэнар у набольш грубы, нахабны і бессаромны спосаб” – падкрэсліў лідар БНФ Рыгор Кастусёў.

Скаргі на неўключэнне прадстаўнікоў Партыі БНФ ў выбарчыя камісіі пададзеныя менскай гарадской партыйнай арганізацыяй у суды Партызанскага, Першамайскага і Маскоўскага раёнаў Менску.

У судзе Партызанскага раёна разгляд скаргі на рашэнне пра фармаванне ўчастковых камісіяў па Партызанскім раёне Менску прызначаны на 5 студзеня, судовае пасяджэнне пачнецца а 14:30 па адрасе вул. Сямашкі, 33, Дом правасуддзя, пакой 4152.

narodny.org