Толькі 8% беларусаў лічаць свой лад жыцця здаровым
Толькі 8% беларусаў лічаць, што яны вядуць здаровы лад жыцця. Пры гэтым 40% мяркуюць, што маюць прыхільнасць да здаровага ладу жыцця. Як паведаміла 30 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Алена Кухарэвіч, пра гэта сведчаць даныя модульнага абследавання хатніх гаспадарак, праведзенага летась. У апытанні ўзялі ўдзел 6 тысяч рэспандэнтаў ва ўзросце старэйшым за 16 гадоў з розных катэгорый насельніцтва.
Як адзначыла Кухарэвіч, галоўнымі прычынамі, якія перашкаджаюць весці здаровы лад жыцця, удзельнікі апытання назвалі „адсутнасць неабходнай упартасці, волі і настойлівасці” (48% апытаных) і „недахоп часу” (35%). „Кожны дзясяты беларус (12%) бачыць перашкоду да вядзення здаровага ладу жыцця ў наяўнасці матэрыяльных цяжкасцяў і толькі 3% лічаць, што для вядзення здаровага ладу жыцця ў іх няма неабходных ведаў”, — паведаміла прадстаўнік Белстата.
Паводле яе слоў, абследаванне паказала, што „асноўным пасылам для 76% насельніцтва з’яўляецца мэтавая ўстаноўка на здаровае доўгае жыццё, для астатніх галоўны стымул — гэта „выглядаць прыгожа і быць паспяховым ва ўсім”.
28% насельніцтва характарызуе сваё здароўе як „добрае”, 63% — „здавальняючае” і 10% — „дрэннае”. „На думку насельніцтва, асноўным фактарам, якія ўплываюць на стан здароўя, з’яўляецца экалагічная абстаноўка (56%), далей ідуць лад жыцця (48%) і шкодныя звычкі (47%)”, — заўважыла Кухарэвіч.