Толькі адзін з чатырох зарэгістраваны



У Берасці толькі адзін з чатырох праціўнікаў акумулятарнага завода зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, паведаміў БелаПАН праваабаронца Сяргей Вакуленка.

Паводле яго слоў, у Брэсцкай-Пагранічнай выбарчай акрузе № 4 кандыдатам у дэпутаты зарэгістраваны Уладзімір Мароз.

Тром праціўнікам акумулятарнага завода адмоўлена ў рэгістрацыі: Аляксандру Кабанаву — у Брэсцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 1, Раману Кісляку — у Брэсцкай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 2, Алене Макарэвіч — у Брэсцкай-Усходняй выбарчай акрузе № 3.

У каментары БелаПАН Кісляк, заявіў: „Нам незаконна адмовілі ў рэгістрацыі, бо ўлады спалохаліся актыўнасці праціўнікаў акумулятарнага завода, а таксама таго, што шмат хто з жыхароў рэгіёна падтрымліваюць іх вылучэнцаў”.

„Мы вывучым дакументы, на падставе якіх нам было адмоўлена ў рэгістрацыі, і будзем абскарджваць дадзеныя рашэнні акруговых выбаркамаў”, — падкрэсліў Кісляк.

Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” пабудаваны на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у СЭЗ „Брэст”. На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 237 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг „Берасцейкі супраць свінцу”, на які прыйшлі каля дзвюх тысяч чалавек.

Праціўнікі завода збіраюцца з 25 лютага 2018 года кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Берасці.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 17 лістапада.

belapan.by