Толькі некалькі чалавек з гарадзенскай БХД будуць удзельнічаць у выбарах



Удзел у выбарах мясцовых саветаў дэпутатаў Гарадзеншчыны прымуць сябры Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, але толькі некалькі чалавек. Пакуль ідзе вылучэнне ініцыятыўных групаў будучых кандыдатаў у дэпутаты. Гарадзенцам сябры БХД вядомыя як сіла, гатовая дапамагаць у вырашэнні бытавых і сацыяльных праблемаў, яны неаднойчы складалі звароты грамадзянаў да мясцовай улады.

Кажа Сяргей Верамеенка, каардынатар гарадзенскіх хрысціянскіх дэмакратаў:

– Пра мясцовыя выбары, каго не запытаеш, мала хто што ведае. Увогуле выбарамі нашыя людзі не цікавяцца. А мясцовыя выбары – гэта як цень. Нібыта іх увогуле няма. Хаця старшыня Цэнтрвыбаркаму заявіла пра 70 з нечым адсоткаў яўкі. Будзем глядзець. Мы, як прадстаўнікі кампаніі “Права выбара”, будзем назіраць за гэтымі выбарамі. Будзем назіраць вельмі пільна. Я думаю, што такой яўкі яўна не будзе.

Вядома, што адзін з актывістаў партыі – Яўген Дудкін, які дапамагае жыхарам мікрараёна Альшанка ў Гародні ў вырашэнні побытавых праблемаў, будзе ўдзельнічаць у выбарах у якасьці кандыдата ў дэпутаты абласнога савета дэпутатаў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя