ТОП-10 выказванняў слыннага беларуса



25 красавіка – знакавы дзень у гісторыі нашай краіны. У 1868 годзе, тады ў маёнтку, а цяпер вёска Парэчча Пінскага раёна, нарадзіўся Раман Скірмунт. Ягоная постаць – гэта неад’емная частка падмурка беларускай дзяржаўнасці. Буйны прамысловы і палітычны дзеяч займае годнае месца ў пантэоне нацыянальных герояў Беларусі.

Раман Скірмунт фінансава падтрымліваў беларускі друк і дзейнасць нацыянальных арганізацый. За год да абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ўзначаліў першы беларускі прадстаўнічы орган – Нацыянальны Камітэт, які ў красавіку 1917 года заявіў пра намер беларусаў мець сваю дзяржаўнасць. Фармаваў і узначальваў урад БНР, у 1918-1919 гадах не аднойчы прадстаўляў інтарэсы Беларусі ва Украіне, Польшчы ды Нямеччыне.

Беларускае Радыё Рацыя не аднойчы распавядала пра Скірмунта. У матэрыялах: “Прэм’ер Беларусі, які не рызыкнуў стаць дыктатарам”, “За год да абвяшчэння БНР”, “Забойства верагоднага прэзідэнта” ды “Як адбывалася вяртанне імя прэм’ера БНР” можна больш даведацца пра біяграфію дзеяча.

З нагоды 151-х угодкаў узгадаем некалькі выказванняў Скірмунта. Дарэчы, ён напісаў шмат прамоў, праграмных артыкулаў і разважанняў, якія можна ўкласці ў асобны зборнік. Самае ж галоўнае, што шмат застаецца актуальным.

(…) У палітыцы трэба імкнуцца да дасягнення найвялікшай рэальнай карысці, не забываючы пра нацыянальную годнасць. Яе абарона павінна заставацца краевугольным камнем у падмурку палітыкі. Імкненне атрымаць рэальную выгоду, спалучанае з адмовай ад уласнай годнасці, можа быць добрым падчас…выпасу свіней, але не ў палітыцы – 1905 год.

Пра нацыянальнае адраджэнне напачатку ХХ стагоддзя.

(…) Гэта складана зрабіць, гэты шлях стромкі, невядомы, цярністы. Тут актыўнасць на грамадскім поле – змаганне. Хто ідзе абараняць добрую справу, той не шукае асабістай карысці. Не здабудзе яе і той, хто абярэ гэтую стромкую і цярністую дарогу… Неаднакроць мы застанемся незразумелымі, але пракладзем шлях будучым пакаленням!

(…) Кожны з нас – паляк, літовец або русін – стане мацнейшым, змагаючыся пад сцягам справядлівасці для ўсіх, а не працуючы на эгаістычныя лозунгі. Гэта цалкам адпавядае традыцыям Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, якія пакінулі нам лозунг павагі да нацый – датавана каля 1904 года.

(…) Край з такой слаўнай гісторыяй і нацыянальнай адметнасцю, край, што ў мінулым быў радзімай шматлікіх славутых постацей, якія служылі яму з поўным самаахвяраваннем, і сёння знойдзе сярод сваіх сыноў людзей, гатовых выкарыстаць атрыманую палітычную свабоду дзеля агульнага дабра на шляху сумленнай і настойлівай працы – думкі ў момант рэвалюцыйных 1905-1907 гадоў у Расейскай імперыі.

(…) Я сам ураджэнец беларускага Палесся, нашчадак літоўскай сям’і, са старажытных часоў, спакон вякоў аселай у гэтым краі, і мае продкі да XVII ст. карысталіся беларускай мовай як хатняй. Я заўжды быў і буду горача адданым сваёй радзіме і свайму народу – красавік 1917 года, з ліста да беларускага гісторыка і публіцыста Яўсея Канчара.

З прамовы на з’ездзе прадстаўнікоў беларускіх арганізацый, 9 ліпеня 1917 год. Перад выказваннем трэба зазначыць, што да бальшавіцкага перавароту палітычныя колы Беларусі і Украіны трымаліся ідэі вялікай аўтаноміі ў складзе дэмакратычнай, федэратыўнай Расеі. Кастрычніцкія падзеі 1917-га ды разгон у студзені 1918 года бальшавікамі Устаноўчага сходу паказалі, што Расея падае ў прорву.

(…) Выступленне Украінскай Рады надта зрэлае й абдуманае, яно грунтуецца на ясным разуменні інтарэсаў свайго народу. Калі Расея зразумее сэнс нацыянальных намаганняў жывучых у ёй народаў і пойдзе ім насустрач, яна не толькі не аслабее, а наадварот, узмацніцца. Грамадзянін Цвікевіч моцна памыліўся, кажучы, што народы Расеі пры старым парадку прывыклі адзін да другога і зліліся ў адно цэлае. Гэта было злучэнне кайданаў і ланцугоў. Цяпер насталі новыя часы і трэба шукаць новых прынцыпаў злучэння.

(…) Воля – вельмі каштоўны набытак, калі народ мае магчымасць павялічваць свой дастатак. Чалавек тым і розніцца ад безмоўнага стварэння, што ён ніколі не задавальняецца тым, што мае, а пастаянна рупіцца аб тым, каб надбаць сабе як найбольш добра, патрэбы яго пашыраюцца і праз гэта ён вытварае культурны поступ у грамадстве. З часам станецца, што людзі навучацца шчыра працаваць дзеля агульнай карысці, на грамаду – жнівень 1917 год.

(…) Палессе – гэта цэлы край, які патрабуе культурнага заваявання. Палескія балоты могуць даць 4 мільёны дзесяцін найлепшых лугоў і пашняў, цяпер уяўляюць толькі да нічога непрыдадную зямлю. Расейскі ўрад заўсёды быў мачыхай гэтаму краю і нідбаў аб яго інтарэсах – травень 1918 год, з інтэрв’ю журналістам газеты “Минский еженедельник”. Дарэчы Раман Скірмунт прасоўваў праект пабудовы паспяховай аграрнай краіны, бо быў перакананы ў неабходнасці выкарыстання зямельнага патэнцыялу Беларусі.

Пра інтэлектуальны рэсурс, патрэбны для будаўніцтва ўласнай дзяржавы, травень 1918 год.

(…) Наагул кепскія адносіны былога расейскага ўрада да асветы стварылі цяперашні ніхват культурных сілаў, але па-за тым на Беларусі маюцца ўсе элементы, патрэбныя для будавання дзяржавы. У беларускім народзе захаваныя ўсе задаткі для прыняцця культуры і ўладкавання ім свайго незалежнага дзяржаўнага жыцця. Хаця беларусы і будуць бараніць нацыянальныя прынцыпы Беларусі, але ўважаючы на шляхетны і талерантны характар беларускага народу, жыццё нацыянальных меншасцяў будзе зусім забяспечаным.

(…) Цяпер момант, калі патрабуецца збіранне ўсіх інтэлігентных сілаў краю для творчай працы ў справе аснавання Беларускай дзяржаўнасці. Трэба сабраць усе сілы, якія могуць быць карыснымі, як у дзяржаўна-творчай працы, так і для культурна-эканамічнага адраджэння краю – 1918 год, пасля абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Нават гэтыя выказванні, думкі паказваюць нам Рамана Скірмунта ў якасці добрага дзяржаўніка, рупліўца за лепшую долю Радзімы і народа. Ён не проста казаў, а рабіў на справе, што можна пабачыць на Палессі ў Пінску ды Парэччы. Зроблены сапраўдны “прамысловы рай”, але гэта ўжо іншая гісторыя…

Словы Скірмунта ўзятыя з грунтоўнай кнігі гісторыка Аляксандра Смалянчука “Раман Скірмунт (1868-1939). Жыццяпіс грамадзяніна краю”. Выданне, а гэта сапраўды вялікае даследаванне жыцця і дзейнасці нашага героя, пабачыла свет у 2018 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя