«Tor Band» – героі Беларусі



Удзельнікаў рок-гурту «Tor Band» засудзілі на тэрміны ад 7 да 9 гадоў.

Хто не ведаў, запомніце гэтыя імёны – Яўген Бурло, Дзмітры Галавач, Андрэй Ярэмчык. Гэтыя музыкі сталіся адным з феноменаў 2020 году. Іх песні ўздымалі на подзвігі тысячы і тысячы беларусаў, якія хваля за хваляй выходзілі на пратэсты, хоць і ведалі, што іх могуць затрымаць, катаваць, скалечыць і нават забіць.

«Жыве Беларусь!», у прынцыпе толькі за гэты хіт, які гучаў з кожнага праса па ўсёй Беларусі, лукашысты маглі помсціць музыкам.

Песні, якія заклікаюць да годнасці, чалавечай і нацыянальнай, прызнаныя экстрэмісцкімі. Яны маюць мільёны праглядаў толькі на ютубе. Колькі ж разоў пракручваліся людзьмі ў іх плэерах – можна толькі здагадвацца.

Хлопцы з невялікага гораду Рагачова натхнілі сотні тысяч, калі не мільёны, людзей. І гэтыя людзі ў масе сваёй застаюцца ў Беларусі.

Калі міліцэйскія начальнікі пасля нарады Лукашэнкі казалі, што знойдуць кожнага, натуральна, мелі на ўвазе актывістаў. Бо «кожны» – гэта восем з дзесяці беларусаў.

Толькі феномен гурту «Tor Band» у тым, што гурт дэманструе як з’яўляюцца самародкі. Да 2020 году хлопцаў з Рагачову ў Беларусі асабліва не ведалі.

Лукашысты не проста саджаюць на вялікія тэрміны за вальнадумства. Яны калечаць людзей. Аднаму з удзельнікаў гурту патрэбная аперацыя на хрыбетніку. Ці то старая хвароба, ці то атрыманая ўжо за кратамі, але адмова ў медычнай дапамозе – гэта адзін з відаў катавання.

Карнікі Лукашэнкі як бы дэманструюць, не рыпайцеся, а ты самі будзеце хадзіць на мыліцах.

Дарэчы, самі карнікі збольшага досыць маладыя – у масе сваёй да трыццаці гадоў. Гэта генерацыя, якая гадавалася цалкам пры Лукашэнку.

Але і тыя, хто выйшаў у 2020 годзе на вуліцы ў першыя тры дні пасля пачатку Рэвалюцыі, – таксама маюць да трыццаці гадоў.

Пакуль рыхтаваў гэты тэкст, дазнаўся, што затрымалі Ларысу Грыбалёву. Гэта поп-выканаўца і тэлевядоўца, якая вырасла ва ўмовах дзяржаўнага шоў-бізнеса, і цалкам упісвалася ў лукашэнкаўскі «парнічок», як калісьці назваў публіцыст Віталь Тарас ранні рэжым Лукашэнкі.

Да 2020 году шмат хто з артыстаў спакойна існаваў у парнічку. Але Ларыса Грыбалёва публічна асудзіла гвалт, і вось яна за кратамі.

Карнікі робяць усё магчымае, каб адасобіць сябе ад грамадства, каб выкрасліць нават думку пра тое, што яны змогуць пакаяцца, і ім даруюць.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя