“Торвальд” быў. “Торвальд” будзе?



Знакаміты віцебскі арт-паб “Торвальд” абвясціў пра  закрыццё з 11-га студзеня.  На развітанне  кавярня  вырашыла правесці  акцыю “Разбяры “Торвальд” на сувеніры” – прапанавала  набыць за сімвалічныя грошы нешта з прадметаў інтэр’еру, посуду і гэтак далей.

Наведнікі  адгукнуліся – хтосьці набываў сабе нешта на памяць, а нехта проста зайшоў, каб падтрымаць “Торвальд” і ўспомніць усё добрае, што з ім звязана:

– Кухня вельмі добрая! Малайцы! Нават вось у апошнія дні было ўсё так смачна прыгатавана, так прыгожа сервіравана…

– Тут адчуваецца гісторыя, тут так душэўна. І ўсё спрыяе таму, каб людзі адчулі сябе вальней.

– „Торвальд” вёў вялікую асветніцкую працу – тут выступалі Вайцюшкевіч, Шалкевіч, розныя лектары з цудоўнымі лекцыямі пра беларускую літаратуру, гісторыю… Тут вучыліся людзі шанаваць сваю краіну, свой горад родны.

Арт-паб “Торвальд” быў заснаваны 4 гады таму віцебскім мецэнатам, арганізатарам канцэртаў Віталём Броўкам.

З 2016-га году кавярня мясцілася ў будынку №1 па вуліцы Талстога.  Грошы, атрыманыя з продажу сувеніраў, адміністрацыя  “Торвальда” плануе выдаткаваць на рамонт, каб  выканаць усе прадпісанні адмысловых службаў, якія прызналі памяшканне непрыдатным для працы. У сацыяльных сетках адміністрацыя ўстановы звярнулася да наведнікаў: “Як бы ўсё ні скончылася, верым, што ў кожным з нас застаецца часцінка „Торвальда”, якую мы заўжды носім з сабой. Так і менавіта так „Торвальд” быў, ёсць і абавязкова будзе”.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск