Традыцыі Палесся: “Ходымо панэ Куста водыты”
Праваслаўныя вернікі адзначаюць адно з галоўных хрысціянскіх святаў – Дзень Святой Троiцы (Пяцiдзесятнiца). Гэты дзень сімвалізуе нараджэнне Царквы – Святы Дух уваходзіць у жыццё Царквы і здзяйсняе ўсе яе сакрамэнты. У храмах ладзіцца адна з найбольш урачыстых і прыгожых службаў у годзе. Святыні і дамы ўпрыгожваюць бярозавымі і кляновым галінамі, аерам і кветкамі.
Ёсць і рэгіянальныя асаблівасці свята. Так на беларускім і ўкраінскім Палессі захавалася традыцыя Ваджэння Куста, якая бярэ свае карані ад дахрысціянскіх часоў. Гэта адное з мноства ўнікальных адметнасцяў “краіны багнаў”. Палешукі, самі па сабе, людзі надзвычай рэлігійныя, але ў тутэйшых рытуалах захавалі шмат ад паганства, якое змаглі на свой лад адаптаваць да хрысціянства.
У 2014 годзе абрад з Берасцейшчыны атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Куст, гэта не хто-небудзь, а самая прыгожая дзяўчына сяла. Яе выбіралі ўсёй вясковай грамадой. Лічылася, што ў гэтым годзе яна абавязкова выйдзе замуж. Дзяўчыну ўпрыгожвалі лісцем і кветкамі, а пасля разам з сяброўкамі яны хадзілі з хаты ў хату з пажаданнямі гаспадарам дабрабыту. Ваджэнне Куста суправаджалася рознымі па зместу песнямі. Пра каханне, вясну, жаданне сустрэць хлапца ды згуляць вяселле. Былі і ў гумарыстычнай форме, як напрыклад:
“Прывэлы Куста
Дай хорошы дівкы,
Да выкоть, пане,
Тры барылкы горілкы.
Прывэлы Куста дівкы молодыя,
А коло Куста
Сочевіченька густа,
А коло пенька
Дай нэма нычогонько.
А хто ж тую сочевіченьку порвэ,
Той собі красную панну возьмэ.
Ой, отозвавса наш паныч молодый:
Я ж этую сочевіченьку порву,
Я собі красную панну возьму” – запісана на Піншчыне ў сярэдзіне 1870-х гадоў.
У нашыя дні Ваджэнне Куста ладзяць ў Пінскім, Іванаўскім і Лунінецкім раёнах Берасцейскай вобласці. Гэты абрад мае непасрэдную сувязь з прыродай. Палешукі праз Куста паказвалі павагу да дрэў, бо лічылі, што пасля смерці душа абавязкова адродзіцца ў выглядзе дрэва.
Прырода пад Троіцу абуджалася і нібы сімвалізавала незамужніх дзяўчат. Прынамсі такое заўважыў і занатаваў святар Дзмітрый Булгакоўскі. Ён у 1870-1875 гадах служыў у Пінскай праваслаўнай епархіі. Назіраў за звычаямі і ладам палешукоў. Уласныя нататкі ўклаў у 1890 годзе ў зборнік “Пінчукі”. Выданне высока ацанілі ў навуковых колах і назвалі адной з лепшых этнаграфічных кніг.
“Траецкія песні спяваюць дзяўчыны, калі яны водзяць танкі (ладзяць карагоды, у Траецкі дзень). Вясновы час накладае на песні свой адбітак. Палі, што ўпрыгожаныя засеяным хлебам, лугі са сваёю муравою ды духмянымі кветкамі, лес, апрануты ў розных колераў вопратку, сонца са сваімі ветлымі і жыццярадаснымі прамянямі, шматгалосны хор разнастайных птушак, уся гэтая вясновая прыгажосць абуджае ў душы дзяўчыны адчуванне яе адзіноты мацней. У гэтую пару, калі наогул жыццё робіцца паўней, дыхаецца лягчэй, на душы становіцца весялей, дзяўчына мацней адчувае патрэбу замужжа. Таму Траецкія песні перапоўненыя жаданнем дзяўчыны выйсці замуж. Але як бы моцна не біўся жыццёвы пульс, дзявочая сціпласць стрымлівае сардэчныя парывы і таму жаданне быць замужняю дзяўчына выказвае не прама, а бокам, намёкамі; яна, відаць, больш выказвае шкадаванне аб адзіноце хлопца і клапоціцца аб яго жаніцьбе, чым пра самую сябе. Падбіваючы хлопцаў да жаніцьбы, дзяўчаты смяюцца над халасцяком, параўноўваючы яго з пабітым чыгуном”, – падкрэсліваў святар.
Канечне, ў гэты дзень палешукі спявалі не толькі на тэму кахання, дзяўчын і г.д. Важным заставалася пытанне ўраджаю. Увогуле вяснова-летні цыкл святаў для мясцовых жыхароў меў куды большае значэнне ва ўсіх сэнсах, чым зімовы. Змены адбыліся пад уплывам царквы.
“Труйца, Труйца, Свята Богородыца!
Посыю жыто, да нэхай зародыть;
Посыю жыто, посыю пшеныцю:
Зароды, Боже, усяку пашныцю;
Що зародытца, то для мого батюхна,
Що нэ зародытца, то для мого свекорка.
Солодокы мэдок, то для моюй матонькі,
А горка горілка, то для моей свекоркі”, – спяваў паляшук у сярэдзіне ХІХ стагоддзя.
Цяжка сказаць наколькі цяпер правільна, ў адпаведнасці з тымі традыцыямі, водзяць Куста на Палессі, але тое, што гэты абрад дзе-нідзе захаваўся, то добра. Наколькі ён можа максімальна адпавядаць тым аўтэнтычным рысам, залежыць ад неабыякавых нашчадкаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Kust3 way.by