Трагедыя і ўнікальнасць Палесся. Аляксей Дуброўскі



Услаўленне непаўторнай прыроды “краіны багнаў”, асуджэнне савецкай меліярацыі, праўда пра сталінскія рэспрэсіі і дачарнобыльскую радыяцыю на Палессі – ўсё гэта Аляксей Мікалаевіч Дуброўскі. Сёлета, 2 студзеня, знаўцу палескага краю споўнілася б 75 год, але ў снежні 2011 года яго заўчасна ня стала.

Аляксей Дуброўскі вядомы, як фатограф, эколаг і краязнаўца. Ягонымі здымкамі азболеныя шматлікія зборнікі пра Палессе. Ён аўтар сотняў артыкулаў, прысвечаных праблемам экалогіі і гісторыі, якія рэгулярна з’яўляліся ў беларускім і замежным друку. За гэта ў 2007 годзе атрымаў узнагароду Беларускай асацыяцыі журналістаў. У 2000 годзе выдаў кнігу “Палігон”, да якой абавязкова звернімся і фотаальбом “Край пад белымі крыламі”.

А.М. Дуброўскі (1945-2011), крыніца: “Echa Polesia”

Дуброўскі працяглы час працаваў інжынерам у Пінскім праектным інстытуце меліярацыі, ў навуковым аддзеле парку “Белавежская пушча”. У часы перабудовы падтрымаў нацыянальна-дэмакратычны рух, амаль дзесяць гадоў быў дэпутатам Пінскага гарадскога Савета. Таго легендарнага Савета, які адзін з нямногіх у СССР, ды яшчэ першым, асудзіў дзеянні маскоўскага “ГКЧП” і агучыў патрабаванне вярнуць краіне законна абранага прэзідэнта Міхаіла Гарбачова. Шмат чаго на Палессі звязана з імём Дуброўскага, тыя ж турыстычныя маршруты, стваранне прыродаахоўных зон і заказнікаў. У сувязі з 75-годдзем прыгадаем некаторыя моманты з жыцця і дзейнасці гэтай светлай постаці.

Палессе вачыма Дуброўскага, крыніца: Радыё Свабода

Маліярацыя патрэбна, але савецкі падыход – катастрофа

У “Народнай газеце” ў 1991 годзе з’явіўся артыкул Аляксея Дуброўскага. У публікацыі ён на ўсю краіну падняў экалагічныя праблемы Палесся. Рашуча і аргументавана асудзіў савецкую меліярацыю “краіны багнаў”. Але разам з тым прызнаваў, што палешукам абрыдла бясконцае балота: “Балоты на Палессі зусім нядаўна былі першым ворагам палешукоў. Колькі праклёнаў яны чулі, колькі жыццяў забралі, сёння ніхто не адкажа. Права на іхняе існаванне многія сталыя людзі і сёння адмаўляюць…”, – з фотаальбома “Край пад белымі крыламі”.

Дуброўскі трымаўся той думкі, што меліярацыя Палесся была неабходнасцю і непазбежнасцю. Край мусілі развіваць, ствараць камунікацыі, дарогі, паляпшаць умовы для аграрнага сектару, пра тое думалі ад часоў ВКЛ, ад панавання на Піншчыне Боны Сфорцы. Іншая справа, як ажыццявілі, у якім фармаце, з якім падыходам.

Палессе вачыма Дуброўскага, крыніца: Радыё Свабода

Аляксей Мікалаевіч заклікаў да разумнага падыходу ў гэтым пытанні, тым больш пра тое, што нешта з экалогіяй робіцца не так, загаварылі яшчэ ў канцы 1970-х – пачатку 1980-х гадоў. Партыйныя функцыянеры вызналі для сябе, што існуюць гаспадарчыя, экалагічныя і іншыя праблемы, якія ўзніклі ў выніку інтэнсіўнага асваення і меліярацыі зямель Палескай нізіны. У сувязі з гэтым перад навукоўцамі паставілі задачу – зрабіць аналіз, правесці шырокія даследчыя працы па ацэнцы ўплыву меліярацыі на прыроду Палесся. Даклады экспертаў засведчылі шэраг памылак, якія наўпрост робяць асушаную глебу непрыдатнай для сельскай гаспадаркі і ў адмоўны бок змяняюць навакольнае асяроддзе. Наколькі прыслухаліся да гэтага высокія чыноўнікі, цяжка сказаць. Афіцыйна былі прынятыя рэкамендацыі і карэкціроўкі ў планы…

Палессе вачыма Дуброўскага, крыніца: Радыё Свабода

Дачарнобыльская радыяцыя на Палессі

У 2000 годзе свет пабачыла кніга Аляксея Дуброўскага “Палігон”. Наклад яе зусім малы, але попыт на выданне ёсць дагэтуль. Між іншага ў ёй аўтар дзеліцца дукамі, што ў пачатку 1960-х гадоў на Альманскіх балотах (Столінскі раён) быў створаны 41-ы авіяцыйны палігон (Мерлінскі), на якім адпрацоўвалі бамбакідання. Дзеля стварэння палігона некалькі населеных пунктаў адсялілі. З-за палігона ўзровень радыяцыі на Палессі павысіўся задоўга да катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Палессе вачыма Дуброўскага, крыніца: Радыё Свабода

У інтэрв’ю “Радыё Свабодзе” ў кастрычніку 2003 года Дуброўскі распавёў наступнае:

“Бярэм зямлю, грыбы, ягады… У некалькі разоў больш радыяцыі ў Столінскім раёне, чым у самой Чарнобыльскай зоне. У 1993 годзе афіцыйна ўзяў пропуск. Мы ўсё аб’ехалі ды паглядзелі. Радыяцыя на паўднёвай часцы палігону дзесьці была да 70 мілірэнтген на гадзіну. Працоўныя палі, дзе стаяць танкі ды самалёты — гэта пустэча. Горы пяску. У чэрвені ніводнай травінкі зялёнай няма.

У 1998 годзе мяне выклікалі ў Дом ураду, каб я, шараговы інжынер-эколаг, даў тлумачэнне, што тут такое адбывалася. Я й даклаў. Патэлефанавалі адтуль дырэктару Інстытуту радыялогіі. “Вы ведаеце, што да Чарнобылю была на Палессі вялікая радыяцыя?” “Так, — гаворыць. — Была радыяцыя”. “А чаму нічога ня робіцца, каб зберагчы людзей?” Ён гаворыць: “А гэтая інфармацыя да сёння з’яўляецца сакрэтнай”.

Акрамя версіі пра расстрэл радыеактыўных аблокаў ёсць яшчэ адна: немаштабныя выпрабаванні ядзернай зброі.

У 1994-м Міністэрства абароны ў асобе генерала-маёра Кастэнкі выклала сваю пазіцыю што да згаданых версіяў. Сутнасць той заявы: 41-ы палігон заўсёды быў толькі авіяцыйным; у Савецкім Саюзе выпрабаванні ядзернай зброі праходзілі на палігонах Сяміпалацінскі і Новая Зямля; лоўля радыёактыўных аблокаў — гэта фантастыка”.

Палессе вачыма Дуброўскага, крыніца: Радыё Свабода

Пра сталінскія рэспрэсіі на Піншчыне

У той жа кнізе “Палігон” ёсць глава “Закатаваныя ў засценках НКУС”. Увагу выклікае аповяд пра забітых у чэрвені 1941 года “ворагаў народа” ў лесе каля вёскі Вулька-Гарадзішчанская, што ў Пінскім раёне. Чытаем:

“Для ўстанаўлення хуткага і надзейнага кантакту з жыхарамі мы звярнуліся па дапамогу да старшыні сельскага Савета Марыі Антонаўне Федарашка. І не памыліліся. Яна была не толькі нашым гідам па вёсках, але і кіроўцам на сваім “Масквічы”.

Апытанне пачалі з вёскі Вулька – Гарадзішчанская. Кажа Сільвестр Ждан (у 1941 годзе яму было 16 гадоў): “У панядзелак 23 чэрвеня 1941 году некалькі мужчын з нашай вёскі, і я з імі, паехалі ў Парахонск на млын малоць зерне. Дарога ішла маладым лесам. Праехаўшы кіламетры чатыры, каля самай дарогі ўбачылі “свежую” яму. Падумалі, што выкапалі яе пінскія яўрэі, каб схаваць дабро (вайна ўжо пачалася). Вярнуліся назад 24 – га чэрвеня. Пад’язджаючы да ямы, выявілі добра замаскіраванае месца. Мужчыны старэйшыя раскінулі галінкі і пачалі рукамі раскопваць пясок. На глыбіні каля 30 сантыметраў былі трупы забітых. Хутка іх прысыпалі са страхам з’ехалі дадому”.

На гэтым месцы аповяд перапыніўся, і разам са Жданам мы паехалі ў лес. Ён добра ведаў месца пахавання. Старонняму ж чалавеку выявіць яго немагчыма, тым больш выказаць здагадку, што ляжаць тут людзі. Магілу, хтосьці спрабаваў раскапаць, на паверхні ляжалі тры пазваночніка і косці рукі.

Мясцовы жахар паказвае пахаванне ахвяр чэкістаў, з кнігі “Палігон”

М. А. Федарашка ўспамінае, што распавядалі ёй людзі: “20 чэрвеня 1941 гады ў Пінскім раёне праводзіліся чарговыя рэпрэсіі. У першую чаргу бралі мужчын, часам і жанчын са старэйшымі дзецьмі. Эшалон з “ворагамі народа” стаяў на станцыі Пінск да 22 чэрвеня і паспеў праскочыць пад нямецкімі бомбамі праз Лунінец, але сваякі пра гэта не ведалі”.

Чуткі аб магіле ў лесе разыйшліся хутка па ўсіх вёсках і устрывожылі людзей. Многія да гэтага ўжо ведалі, чым займаецца НКУС ў сваіх засценках. Людзей да ямы падвозілі на машынах у ноч з 23 на 24 чэрвеня. Усе яны (53 чалавекі), верагодна, былі задушаныя або кінутыя ў яму яшчэ жывымі. Пры раскопках магілы 12 ліпеня 1941 года ахвяры былі ўсе ў аднолькавай ніжняй бялізне, толькі адзін у напаў вайсковай форме. Тады ж быў пастаўлены помнік…”

Артыкул Антона Квіра ў “Савецкай Беларусі” пра трагедыю ў лесе каля Вулькі-Гарадзішчанскай. Крыж на месцы пахавання з шыльдаю “Ахвярам сталінізму. Чэрвень 1941 года”

Аляксея Мікалаевіча Дуброўскага няма з намі ўжо амаль дзесяцігоддзе, але ягоная справа, ягоныя апавяданні жывыя. Ёсць паслядоўнікі, ўдзячныя суайчыннікі, а значыць усё зроблена не марна…

Беларускае Радыё Рацыя