Трагедыя на Каляды



У перадкалядную ноч у Гомелі адбылося здарэнне, якое ўскалыхнула ўвесь горад. У двары гімназіі №36 знайшлі цела 16-гадовага юнака.

Паводле першай інфармацыі, хлопец нібыта добраахвотна сышоў з жыцця з-за непаразуменняў са сваёй дзяўчынай. Пасля публікацыі гэтай навіны сацыяльныя сеткі літаральна ўзарваліся. На сцяне Улада К. (прозвішча не паведамляем з этычных меркаванняў) „Укантакце” з’явіліся дзясяткі паведамленняў, у якіх знаёмыя і родныя юнака пачалі выказваць сумневы ў версіі самазабойства.

Гамяльчанка Аксана К. пазнаёмілася з Уладам некалькі месяцаў назад. Яе сын вучыўся разам з загінулым у адной групе ў Машынабудаўнічым каледжы. Калі Улад дазнаўся, што Аксана працуе жанглёрам і клоўнам у дзіцячых бальніцах, вырашыў далучыцца да справы. За хуткі час ён вывучыў некалькі нумароў, засвоіў „азы” прафесіі. На сваёй старонцы „Укантакце” Аксана напісала наступнае паведамленне:

„…Блізкія сябры, якія ведалі гэтага жыццярадаснага і мэтанакіраванага хлопца (былы спартовец-гандбаліст, які сышоў са спорту па стане здароўя), ні разу не паверылі, што гэта суіцыд.”

Улад. К. на фотаздымках выглядае вельмі ўпэўненым маладзёнам. На шматлікіх сэлфі і групавых фотаздымках ён выглядае старэйшым за сваіх аднагодак. На некаторых выявах ён пазіруе на фоне турнікоў.

Для свайго ўзросту ён выглядае вельмі ўнушальна: сталёвыя біцэпсы, атлетычны целасклад і перакананы позірк. І гэтаму ёсць тлумачэнне. Хлапчук з самога маленства займаўся спортам і дасягнуў даволі сур’ёзных поспехаў у гандболе і лёгкай атлетыцы. Бацька загінулага прыгадвае, як ягоны сын яшчэ ў 13-гадовым узросце перамог суседа ў падняцці гіраў.

Ведаеце, я сам сачу за сваёй кандыцыяй, але Улад быў, прызнаюся, мацнейшы за мяне. У яго былі крэпкія рукі, напампаваныя ногі. Ён ніколі нічога не баяўся. Заўжды мог заступіцца за слабейшых”, — згадвае тата памерлага.

„Аблудны след”

Непадалёку ад злашчаснага стадыёна гімназіі 36 знаходзіцца абласная бальніца. Каля яе — гарадскі даўгабуд, які дзесяцігоддзямі „ўпрыгожвае краявіды” сваімі маляўнічымі руінамі. Пару месяцаў назад на тэрыторыі аварыйнай будоўлі здарыўся няшчасны выпадак. Дзяўчынка-падлетак упала з 6 паверха ў пралёт лесвіцы. Але цудам засталася жывой. На шчасце, пасля некалькіх тыдняў знаходжання ў бальніцы падлетка выпісалі. Што цікава, гэтая дзяўчына была ў кампаніі Улада К. Пасля супастаўлення фактаў давялося адпрацаваць версію пра датычнасць сяброў Улада да экстрэмальных тусовак руфераў (ад ангельскай «roofing», то бок несанкцыянаванае наведванне дахаў дамоў ці высокіх аб’ектаў). Аднак гэты след аказаўся абсалютна памылковым. Пры ўдакладненні інфармацыі пра здарэнне на руінах недабудаванай бальніцы з некалькіх крыніц выявілася, што гаворка ідзе пра няшчасны выпадак. Дзеці з навакольных двароў сапраўды часцяком бавіліся на тэрыторыі небяспечнай будоўлі. У выпадку з кампаніяй Улада мела месца наступнае. Дзяўчына проста аступілася, і ўпала з вышыні. Яе сябры вельмі перажывалі з гэтай нагоды. Улад, якога не было ў той момант побач з сябрамі, пасля наведваў сяброўку ў бальніцы.

Яшчэ адна версія, якая не пацвердзілася: нездаровы псіхалагічны клімат у Машынабудаўнічым каледжы. За два месяцы да смерці Улада нечакана сышоў з жыцця ягоны аднагрупнік Кірыл. Хлопец, паводле слоў сяброў, цікавіўся экстрэмальнымі відамі адпачынку. У прыватнасці, руферствам. Падчас нейкіх практыкаванняў ён сарваўся з вышыні. Для ўсіх ягоных аднагрупнікаў гэта быў сапраўдны шок.

Улад прыбег да дому ўвесь збялелы. Казаў нам бесперапынна пра тое, што ягоны сябар Кірыл больш не жыве. Праз некалькі дзён пасля гібелі аднагрупніка ён папрасіў мяне адвезці яго і некалькіх сяброў на могілкі, дзе пахавалі Кірыла. Яны пабылі там 10 хвілінаў, памаўчалі ля магілы”, — гаворыць бацька Улада.

Навучэнцы каледжа сведчаць, што пасля гібелі Кірыла пра небяспеку руферства і экстрэмальных відаў спорту з імі размаўлялі куратары і майстры. Ды і само здарэнне з сябрам многа на каго паўплывала. „У нашай вучэльні нармальная атмасфера. Ніхто не чапляецца да навучэнцаў. З аднагрупнікамі сябруем. Гэтыя дзве смерці ніяк паміж сабой не звязаныя”, — каментуюць аднагрупнікі сыход з жыцця Улада і Кірыла.

У гімназіі №36 настаўнікі таксама добрым словам згадваюць былога вучня. „Улад быў вельмі ўпэўненым у сабе. З вучобай у яго таксама было ўсё нармальна. Сям’я ніякіх пытанняў не выклікае. У хлопца былі досыць вялікія поспехі ў спорце, што падмацоўвала ягоную перакананасць у сваіх сілах. Ніколі б не падумалі, што ён здольны добраахвотна сысці з жыцця„, — распавядаюць педагогі.

Храналогія здарэння

Бацькі Улада і праз 10 дзён пасля трагедыі не могуць прыйсці ў сябе. Маці кажа, што некалькі дзён пасля здарэння хуткая дапамога літаральна дзяжурыла ля іх дома.

Каля акна ў залі хрушчоўкі стаіць столік. На ім — іконы, свечкі і вялікі фотаздымак Улада з чорнай стужкай. У астатнім зусім не верыцца, што жыццярадаснага юнака ўжо няма ў жывых.

Мы ніколі не хваляваліся за Улада. Ён заўжды паведамляў пра сваё месцазнаходжанне. Калі па нейкіх прычынах затрымліваўся, то пісаў нам смс. У яго быў дарагі тарыф на званкі, але бясплатныя смс. Пасля атрымання паведамлення мы заўсёды ператэлефаноўвалі„, — прыгадвае маці Улада.

У перадкалядны вечар 5 студзеня Улад паведаміў бацькам, што яму трэба сустрэцца з сябрамі. Ён сышоў з дому дзесьці а 18-й гадзіне. Прыблізна ў 22.30 ад яго прыйшла смс, што, маўляў, я з таварышамі знаходжуся ў суседнім двары, хутка прыйду. Потым яму пазваніў малодшы брат са свайго мабільнага. Улад яму зноў паўтарыў, што знаходзіцца непадалёку ад дому. Ужо дзесьці пасля 23-й вечара ягоны тэлефон перастаў адказваць.

Мы пачалі прадчуваць нешта кепскае ўжо ноччу. Асабліва калі дзесьці ў 1-ю гадзіну ночы мне пазваніў ягоны сябар, які з хваляваннем у голасе спытаў, ці не вярнуўся Улад дадому. Аднак ніякіх падрабязнасцей ён нам не сказаў„, — гаворыць маці.

Я супакойваў жонку як мог, хоць месца сабе не знаходзіў. Гаварыў ёй, што чакаем да раніцы, а потым звяртаемся ў міліцыю, каб шукалі сына. Усю ноч хваляваліся. А дзесьці ў палову на 8 раніцы ў нашыя дзверы пагрукаў участковы з жахлівай навінай”, — бацька Улада, крэпкі мужчына сярэдняга веку, ледзьве стрымлівае эмоцыі.

Цела Улада ўбачылі выпадковыя мінакі, якія раніцай ішлі на працу. Яны і выклікалі міліцыю.

Супрацоўнікі морга нам сказалі, што цела „чыстае”. Маўляў, ніякіх пашкоджанняў і гематом няма. Зразумейце, у мяне не было ані фізічных, ані маральных сіл дэтальна разглядаць сына„, — гаворыць маці. Хоць з моманту няшчаснага выпадку прайшло амаль 10 сутак, следчыя не паведамляюць родным ніякіх падрабязнасцей.

Бацька загінулага ўсё-такі разглядзеў на целе сына нетыповыя раны. „У вобласці галавы, на чэрапе, з левага боку, дзе пачынаецца лінія валасоў, былі бачныя нейкія „ўмяцінкі” са слядамі запеклай крыві. І вялікі сіняк на ілбе. Я дагэтуль нічога не ўсведамляю, але пражыў ужо дастаткова гадоў, каб ведаць, што самазабойцы заўжды нейкім чынам спрабуюць інфармаваць пра свой намер блізкім і сябрам. А часта тыя, хто зрабіў сабе смерць, пакідаюць запіскі, каб неяк патлумачыць свой учынак. Нічога такога Улад не рабіў. Думаю, матываў для суіцыду ў яго быць не магло„, — перакананы мужчына.

Суіцыд ці забойства?

Аднагрупнікі Улада заўважаюць, што прыблізна за тыдзень да ягонай смерці ў хлопца рэзка змяніўся настрой.

Ён перастаў з намі вітацца, часта быў замкнёным, пастаянна пра нешта думаў„, — дзеляцца ўспамінамі навучэнцы ПТВ.

Знаёмая Улада Аксана К. зазначае, што апошні раз бачыла Улада 4 студзеня вечарам. Паводле яе слоў, хлопец праяўляў прыкметы занепакоенасці.

Я яму сказала, што ён можа падзяліцца сваімі праблемамі са мной, калі палічыць гэта патрэбным. Увогуле я як маці падлетка зразумела з ягоных паводзінаў, што яго штосьці прыгнятае. Яшчэ раней я заўважыла, што ў яго былі непаразуменні з дзяўчынай. Тады я яму сказала: лепей ты сам распавядзі пра свае праблемы, чым дарослыя будуць дадумваць за цябе. І гэта будзе адназначна горш. Напрыклад, падумаюць, што твая дзяўчына цяжарная ці штосьці ў гэтым родзе„, — распавядае Аксана. Улад у адказ сказаў, што ў яго праблемы з адным хлопцам, але ён разбярэцца сам.

Аксана прыгадвае некалькі канфліктаў паміж Уладам і ягонай дзяўчынай Юліяй (прозвішча не паведамляем з этычных меркаванняў), выпадковай сведкай якіх яна была. Паводле яе назіранняў, хлопец быў больш закаханы ў дзяўчыну, чым яна ў яго. А аднойчы Аксана пачула, як Улад высвятляў адносіны па тэлефоне з нейкім маладзёнам. Размова ішла на падвышаных танах. З кантэксту размовы выходзіла, што спрэчка адбывалася якраз з-за Юлі.

Знаёмыя Улада агучваюць асноўную версію, якая заключаецца ў тым, што напярэдадні гібелі хлопца Юля магла пачаць аказваць знакі ўвагі іншаму маладзёну. І магла пра гэта паведаміць Уладу. Але адносіны пры гэтым паміж Уладам і Юляй працягваліся. Бацькі Улада гавораць, што Новы Год дзеці адсвяткавалі разам, зрабілі адно аднаму добрыя падарункі.

У адносінах Улада і Юлі мог быць цёмны бок, пра які гавораць сябры і блізкія. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Юля ўваходзіла ў моладзевую кампанію, якая вельмі не падабалася Уладу. Некаторыя прадстаўнікі гэтай кампаніі, як падкрэсліваюць сябры Улада, належаць да адной нацыянальнай меншасці, якая кампактна пражывае ў Гомелі. І вось, калі верыць гэтай версіі, канфлікт Улада быў менавіта з юнаком — прадстаўніком іншай этнічнай групы.

Паколькі Улад быў фізічна развіты хлопец, то ён не баяўся супернікаў. І на меркаваную сустрэчу 5 студзеня мог пайсці адзін, усведамляючы свае сілы. Але на стадыёне яго маглі чакаць некалькі чалавек. Што ўжо адбылося далей — вядома толькі праваахоўнікам. У Гомелі ходзяць чуткі, што міліцыянты ўжо затрымалі некалькі асобаў, некаторыя з іх нібыта далі прызнанні.

Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алесь Яўсеенка падкрэслівае, што ў здарэнні з Уладам не трэба шукаць прыкмет міжнацыянальных супярэчнасцей. „У Беларусі грамадства неталерантнае. Калі нехта захоча выкарыстаць абурэнне грамадства супраць падазраванай этнічнай групы, то той абшчыне будзе вельмі несалодка. Я перакананы, што і ўнутры той нацыянальнай дыяспары адбудуцца таксама разбіральніцтвы, вінаватыя панясуць адказнасць. А што да прававога боку сітуацыі, калі гаворка ідзе пра групавое забойства непаўнагадовага, то тут шмат абцяжарваючых момантаў. Калі ж яшчэ сярод меркаваных забойцаў знойдзецца хоць адзін паўнагадовы, то яму свеціць вельмі сур’ёзнае пакаранне„, — заўважае Алесь Яўсеенка. Праваабаронца заклікае гомельцаў не паддавацца эмоцыям, дачакацца вынікаў афіцыйнага расследавання і не пераносіць негатыў на іншыя этнічныя групы.

Бацькі Улада спадзяюцца на тое, што следчыя праявяць вялікі імпэт у справе расследавання акалічнасцей здарэння.

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель