Трагедыя пінскіх габрэяў. Знішчэнне Пінскага гета



Журботныя дні на Піншчыне. Літаральна за чатыры дні з 28 кастрычніка па 2 лістапада 1942 года нацысты забілі каля 20 тысяч пінскіх габрэяў. Такі вынік ліквідацыі Пінскага гета. Сталася трагедыя не толькі для Пінска, а для Беларусі, Ізраіля і ўсяго свету, бо вядома, колькі пінская зямла дала годных людзей габрэйскага паходжання. Колькі б яшчэ іх было, каб не Халакост…

Лічбы ахвяр розныя. У крыніцах магчыма сустрэць ад 17 да 27 тысяч забітых. Гэта абумоўлена тым, што нацысты звозілі ў Пінск габрэяў з аколіц. Таму нельга лічыць растрэляных толькі па тым, як зменьшалася насельніцтва горада над Пінай. Вядома, што перад 1941 годам габрэяў у палескай сталіцы была абсалютная большасць. З дакументаў міжваеннай Польшчы вынікае каля 60-70%. Выявіць дакладную колькасць ахвяр не было магчымым і па парэштках. Карнікі спрабавалі схаваць сляды масавага забойства. Аралі зямлю, сыплючы розныя хімічныя рэчывы.

Габрэі з’явіліся ў Пінску ў 1506 годзе, калі зямлю пад сінагогу і могілкі даў пінскі князь. Абшчына прыняла актыўны ўдзел у ператварэнні горада ў моцны гандлёвы цэнтр. У ХІХ стагоддзі габрэі пабудавалі фанерную і запалкавую фабрыкі, млын, суднабудаўнічы завод і шэраг іншых меншых прадпрыемстваў. Аказалі значны ўплыў на культурніцкае і грамадска-палітычнае жыццё Пінска.

“Я ніколі не забуду пінскіх габрэяў і як іх забівалі”, – узгадвае 84-гадовая карэнная пінчанка Барбара Шыманская:

– Вельмі шмат было габрэяў. Элегантныя, прыгожыя жанчыны з мужчынамі. Была такая невялікая крамка на скрыжаванні Суворава і Першамайскай, уладальнікам крамы быў Меер. Мы прыйдзем – яны адразу нам цукеркі, арэшкі дадуць і запішуць у сшытак. Пасля бацька прыйдзе і разлічыцца. Памятаю, калі іх вялі на расстрэл, мама нас зачыніла ў пакоі, каб мы не чулі, як яны плачуць, але мы ўсё роўна гэта чулі.

Як адбылася жудасная расправа – даведаемся з гістарычных дакументаў “Справаздача камандзіра роты 15-га паліцэйскага палка аб карнай экспедыцыі ў Пінску” за лістапад 1942 года.

geta1Макет Пінскага гета (лета 1941 – восень 1942)

Моладзь рыхтавалася да супраціву

Гледзячы на ўмовы ў гета і збіраючы адрывістую інфармацыю, маладыя вязні рыхтаваліся да супраціву. Загадзя спрабавалі знайсці будзь-якую зброю. Атрымалася набыць некалькі вінтовак, рэвальвераў ды ручных гранат. Акрамя таго, існавалі планы, што рабіць, калі дзень Х настане. Праблема нават крылася не толькі ў тым, што нацысты выкрывалі падполле, але неадназначна да змагароў ставілася самое габрэйскае самакіраванне ў гета – юдэнрат. Яго старшыні лічылі, што з карнікамі трэба дамаўляцца да апошняга. Нават калі цудам камусьці атрымоўвалася з юнакоў уцячы, то юдэнратаўцы прасілі бацькоў, каб тыя неяк вярнулі сваіх дзяцей.

geta2“Брама ў Гета. Пінск”, мастак Яўген Шатохін з нізкі “Геаграфія Катастрофы”, 2008 год.

Колькі каштуе слова нацыста, дадзенае габрэю

За тыдзень да ліквідацыі чуткі пра хуткі канец перапаўнялі гета. Чыннік у тым, што ў паселішчах побач з гета пачалі рыць глыбокія траншэі. Трывога стварала небяспеку, магчымасць паўстання. Каб пазбегнуць непажаданых наступстваў, намеснік гебітскамісара Эбнер выклікаў да сябе прадстаўніка юдэнрата Менскага і заявіў яму: “Даю слова немца, што з габрэямі Пінска нічога не здарыцца. Яны працуюць для нямецкай вайны”. Таксама гебітскамісар паабяцаў зменьшыць нагляд, спыніць вобшукі і павялічыць харчаванне. Усё падман. На самой справе карнікі замаскіравалі вакол гета некалькі кулямётаў, узмоцнілі варту. Ліквідацыя гета набліжалася.

“На падставе данясенняў можна лічыць, што цэнтральнай базай бандыцкага руху ў балотах Прыпяці з’яўляецца Пінскае гета. У сувязі з гэтым загадваю вам, нягледзячы на патрэбы эканамічнага характару, неадкладна ліквідаваць Пінскае гета…” – асабісты загад кіраўніка СС Генрыха Гімлера ад 27 кастрычніка 1942 года. Ужо на наступны дзень нацысты прыступілі да аперацыі.

geta3“Пінская вязніца на Палескай”, мастак Яўген Шатохін з нізкі “Геаграфія Катастрофы”, 2008 год.

Руплівая падрыхтоўка карнікаў

Са справаздачы капітана паліцыі аховы і камандзіра роты Заура:

“На праведзеным 28.10.1942 года ў Пінску ў палкавога камандзіра палкоўніка Курска паседжанні было вырашана, што два батальёны, а менавіта ІІ-гі батальён 15-га паліцэйскага палка і ІІ-гі кавалерыйскі дывізіён возьмуць на сябе вонкавае ачапленне, у той час як 10-ая рота 15-га паліцэйскага палка і 11-я рота ІІ-га палявога палка без двух узводаў прызначаецца для прачэсвання гета. ІІ-я рота без І-га ўзвода, які быў вызвалены ўвечары ад прачэсвання, была прызначаная на ахову ў зборнага пункта, ахову асобных перавозак да месца кары, якое знаходзілася за 4 кіламетры ад Пінска, і на ачапленне месца кары. Для апошняга задання ў далейшым часткова выкарыстоўваліся коннікі. Гэтае мерапрыемства апраўдала сябе бліскуча, так як пры спробе 150 габрэяў да ўцёкаў усе былі зноў злоўленыя, хоць частцы з iх атрымалася сысці на некалькі кіламетраў. Ачапленне было прызначана на 4:30, і аказалася, што дзякуючы папярэдняй асабістай выведцы кіраўнікоў і захаванню таямніцы, ачапленне было зроблена ў самы кароткі тэрмін і ўхіленне габрэяў аказалася немагчымым…”

Сапраўды, без кавалерыі нацысты не змаглі б схапіць усіх уцекацоў, але карнікі таксама панеслі страты. Адзін з габрэяў-юнакоў так учапіўся ў кавалерыста, што парваў яму шыю, але тут жа быў забіты наступным коннікам.

geta4“Дом на Лістоўскага. Лістапад 42-га, Пінск”, мастак Яўген Шатохін з нізкі “Геаграфія Катастрофы”, 2008 год.

Ліквідацыя. Апошні супраціў ахвяр

Капітан Заур працягвае страшэнны рапарт:

“Прачэсванне гета належала па загадзе пачаць у 6:00. Але дзякуючы цемры пачатак быў адсунуты на паўгадзіны. Габрэі, што звярнулі ўвагу на тое, што адбываецца, сталі большай часткай добраахвотна збірацца на праверку на ўсіх вуліцах; з дапамогай двух вахмістраў удалося ў першую ж гадзіну прывесці некалькі тысяч да месца збору; калі астатнія габрэі ўбачылі, да чаго ідзе справа, то яны далучыліся да калоны так, што прадугледжаную ахоўнай паліцыяй на месцы збору праверку дзякуючы вялізнаму і нечаканаму натоўпу правесці не ўдалося. (У першы дзень прачэсвання разлічвалі толькі на 1-2 тысячы чалавек). Першае прачэсванне скончылася ў 17.00 гадзін і прайшло без здарэнняў. У першы дзень было забіта каля 10 000 чалавек. Ноччу рота знаходзілася на баявой гатоўнасці ў салдацкім клубе”.

Літаральна за некалькі гадзін да аперацыі па ліквідацыі гета моладзь планавала падпаліць усе фабрыкі і майстэрні, дзе працавалі вязні. У мітусні з’яўляўся шанец на пабег. Але ж чальцы юдэнрата перасяклі гэтыя спробы, даводзілі да лідараў супраціву, што нацысты далі ж слова, што нічога трагічнага не будзе. На жаль, актыў супраціву вырашыў яшчэ трохі пачакаць з акцыямі і гэтым яны дакладна абраклі сябе на смерць.

geta5    У яме пасля растрэлаў, ілюстрацыйны здымак.

Крывавая справаздача нацыста працягваецца:

“30. 10.1942 г. гета прачасалі другі раз. 31.10. – трэці раз і 1 лістапада – чацвёрты. Увогуле да месца збору сцягнулі каля 15 000 габрэяў. Хворыя габрэі і нямоглыя ў дамах дзеці падвяргаліся кары на месцы. Здарэнняў, за выключэннем аднаго, не было. На падставе таго, што габрэям, якія пакажуць, дзе яны схавалі золата, абяцалі жыццё, з’явіўся адзін габрэй, які паведаміў, што ён схаваў шмат золата. Вахмістр пайшоў за ім. Але так як габрэй марудзіў і прасіў вахмістра падняцца з ім да самога даха, вахмістр вярнуў яго назад у гета да месца збору. Тут габрэй адмовіўся, як усе іншыя габрэі, сесці на зямлю. Раптам ён кінуўся на аднаго кавалерыста эскадрону, выхапіў у таго вінтоўку і палку і пачаў біць таго… у барацьбе габрэя так ударылі сякерай па галаве, што ён упаў на зямлю, застаўся ляжаць. Ён тут жа быў пакараны смерцю…”.

Карнікам забаранілі выкарыстоўваць зброю ў самім гета, каб пазбегнуць шмат увагі ад шуму, таму нязгодных падпарадкоўвацца загадам забівалі сякерамі або вялікімі кіямі. На завяршэнне справаздачы капітан зрабіў некалькі высноў, якія памылкі нельга рабіць пры наступных масавых ліквідацыях. Напрыклад, каб лепш вяўляць тых, хто схаваўся, трэба прыцягваць дзяцей, абяцаючы ім жыццё, і яны абавязкова пакажуць, дзе дарослыя, а пасля ўсіх забіваць.

Арганізатараў і выканаўцаў знішчэння Пінскага гета знаходзілі і судзілі на працягу дваццаці гадоў пасля завяршэння Другой Сусветнай вайны. Большасць панесла адпаведнае пакаранне па сваім злачынствам.

Цудам ацалела некалькі дзясяткаў сем’яў. Хтосьці паспеў збегчы, некага хавалі пінчукі. Цяпер у горадзе над Пінай абшчына складаецца з 500-700 чалавек, якія зберагаюць памяць і пашыраюць традыцыі продкаў.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск