“Трагедыю ў Магілёве выкарысталі, каб узяць пад кантроль цыганскую абшчыну”
“Улады выкарысталі трагедыю ў Магілёве, каб узяць пад кантроль цыганскую абшчыну”, – так мяркуе гомельскі праваабаронца Алесь Яўсеянка. Паводле прадстаўніка Беларускага Хельсінкскага Камітэту, раней прадстаўнікі народу рома былі пад пільным наглядам праваахоўнікаў.
– Гэтыя выпадкі пераследу былі і раней. Цыганоў затрымлівалі на вакзале. Яны жывуць у Прыбары і цягніком ездзяць. Літаральна месяц таму затрымлівалі. Не хочаш, каб затрымалі, ідзі з вакзала, – кажа ім транспартная міліцыя. Атмасфера наэлектрызаванасці ў дачыненні да іх існавала. А зараз проста спускавы кручок спрацаваў. І пайшло.
Алесь Яўсеянка ў межах сваёй праваабарончай дзейнасці шматразова дапамагаў і кансультаваў гомельскіх цыганоў у розных справах і прадстаўляў іх інтарэсы ў судовых цяжбах. Паводле праваабаронцы, на сёння беларуская дзяржава ўхіляецца ад пытання інтэграцыі ромаў у грамадства.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота: Наша Ніва
