Трагічныя здарэнні на працы: адказнасць і прафілактыка



На Берасцейшчыне праблема трагічных выпадкаў на працы застаецца актуальнай. Толькі ў Берасці за дзевяць месяцаў бягучага года на працоўным месцы траўмы атрымалі 24 работнікі, з якіх 4 памерлі.

Такія факты вымушаюць узмацняць кантроль па бяспецы працы, адзначае чалец абласной камісіі па сацыяльнай абароне і ахове працы Алена Грышкавец:

– Узмацняем адказнасць, звязаную з выяўленнем парушэнняў па ахове працы. Аналіз паказвае, што колькасць парушэнняў не памяншаецца. Прынялі рашэнне аб узмацненні адказнасці. Калі цягам года двойчы выяўляюцца аналагічныя парушэнні, то мы выходзім з матэрыяламі па пазбаўленні права кіраўніка працаваць.

У Берасцейскім абласным камітэце па працы, занятасці ды сацыяльнай абароне паведамляюць, што кожнае здарэнне ўважліва разбіраецца і аналіз паказвае, што пераважна сам работнік грэбуе правіламі бяспекі. Тым не менш, адказнасць адміністрацыі прадпрыемства ад гэтага аніяк не памяншаецца.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Яўгена Смірнова