Траіх удзельнікаў фэсту “Аршанская бітва” пакаралі арыштамі на 10 сутак



Гэта Ігар Уласенка, які трапіў на імпрэзу ўпершыню, сталы ўдзельнік Васіль Мірановіч і адзін з заснавальнікаў фэсту, аршанскі гісторык Юрка Копцік. Усе трое былі затрыманыя ўночы з 4 на 5 верасня каля вёскі Брылі Аршанскага раёна.

Бардаўскі фэст “Аршанская бітва” ўпершыню прайшоў у 1991 годзе, і з тае пары ён штогод праводзіцца ў першыя выходныя верасня – як найбліжэй да даты 8 верасня, калі ў гэты дзень у 1514 годзе войска ВКЛ разграміла войска Маскоўскага княства. Напачатку імпрэза праходзіла каля вёскі Гацькаўшчына, дзе аматары беларускай гісторыі ўсталявалі мемарыяльны крыж у памяць пра славутую падзею. У гэтыя мясціны штогод прыязжае яшчэ адзін ініцыятар музычнай імпрэзы, бард Андрэй Мельнікаў.

Юрка Копцік

Уночы з 4 на 5 верасня яго таксама адсачылі міліцыянты, але, у адрозненне ад Юркі Копціка ды іншых, затрымліваць не сталі, кажа спадар Мельнікаў:

– Я наведаў месца, дзе крыж. І там адзін ночыў. Завіталі таварышчы міліцыянты, распыталі, што я тут раблю. Я не хаваў, якую падзею адзначаю. Яны нават здзівіліся, што я тут адзін. Усё абышлі, сфатаграфавалі, прэтэнзій не было. Але Юрка ўвесь час не адзначаў перамогу пад Воршай – ён ладзіў музычны фэст, фэст беларускай музыкі. І вось тут паўсталі прэтэнзіі.

Траіх затрыманых абвінавацілі ў правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства з выкарыстаннем “пратэстнай сімволікі” –бел-чырвона-белых сцягоў, якімі была аздоблена самаробная сцэна ў лесе. У апошнія гады міліцыя актыўна перашкаджае правядзенню фэста, і хоць ён праводзіцца практычна “падпольна”, удзельнікаў часам затрымліваюць. Так здарылася і сёлета. Затрыманыя маюць выйсці з аршанскага ІЧУ 14 верасня.

Васіль Мірановіч

Беларускае Радыё Рацыя