Трансфармацыі Дзядоў
На Дзяды пару грамадскіх дзеячаў у Варшаве заклікаюць на грамадска-палітычную акцыю і шэсце па цэнтры польскай сталіцы.
Я вельмі выразна бачу як па абсалютна пустым горадзе ў лёгкай восеньскай смузе рушыць невялікая група фігур з бел-чырвона-белай сімволікай у руках.
Куды ідуць і навошта? На варшаўскіх могілках Повонзкі будзе палова Варшавы, у тым ліку мноства беларусаў. Сярод іншых знакамітасцяў там месцяцца магілы як мінімум шасці выбітных асобаў, звязаных з Беларуссю.
У тым ліку класік фатаграфіі з Наваградчыны Ян Булгак; кампазітар Станіслаў Манюшка з Ігуменшчыны, цяпер Чэрвеньскі раён; Марыя Ямант, нарочаная Кастуся Каліноўскага; Чэслаў Немэн, кампазітар, музыка і выканаўца з Шчучыншчыны; Тадэвуш Даленга-Мастовіч, пісьменнік з сучаснага Глыбоцкага раёну; этнограф Міхал Федароўскі, варшавяк, які жыў у Беларусі і збіраў беларускі фальклор.
І гэта далёка не ўсе імёны толькі ў Варшаве, якіх можна залічыць да беларускіх Дзядоў.
30 кастрычніка было 35 гадоў з першых Дзядоў у грамадска-палітычным фармаце. Тады беларускія адраджэнцы на чале з Зянонам Пазняком арганізавалі шэсце ў Курапаты, каб узгадаць закатаваных сталіністамі суайчыннікаў. Так у 1988 годзе беларусы масава дазналіся слова «Дзяды», вядомае перад тым толькі спецыялістам ды сялянам з каталіцкіх раёнаў Беларусі.
Нядаўна адна журналістка рассмяшыла мяне тым, што зрабіла матар’ял пра «паганскую вечарыну да Дня Усіх Святых».
Так, Дзяды дахрысціянскае свята. Менавіта свята – ад «святога дня». Беларусы на могілках размаўляюць са сваімі продкамі, якія сышлі з гэтай рэчаіснасці.
У Польшчы дахрысціянскія традыцыі даўно зніклі, таму тут назва свята Дзень усіх святых, але сутнасць засталася – памінанне продкаў.
Так, беларусы маюць свае ўнікальныя грамадска-палітычныя традыцыі. Гэта і Дзяды, і Дзень Волі, і Чарнобыльскі шлях, а цяпер і 9-е жніўня – Дзень пачатку Беларускай рэвалюцыі.
У Беларусі цяпер падобныя актыўнасці не магчымыя, але ніхто пакуль не перашкодзіць паставіць знічкі на магілах знакавых асобаў беларушчыны.
Тое самае і за мяжой: па ўсёй Еўропе, а таксама на іншых кантынентах, ёсць беларускія мясціны. Знічкі, кветкі, памінальныя прамовы.
Нашы Дзяды яднаюць беларусаў па ўсім свеце.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя