Транспамежныя праекты пашыраюцца
Еўрапейскі звяз пашырае фінансаванне праграмы транспамежнага супрацоўніцтва “Латвія – Літва – Беларусь 2014 – 2020”, якое будзе рэалізоўвацца ў межах еўрапейскага інструмента добрасуседства.
Бюджэт новай праграмы складзе 81 мільён чатырыста тысяч еўра, што больш чым у два разы перавышае бюджэт праграмы, рэалізаванай у 2007-м – 13-м гадах.
Гарадзенская вобласць з’яўляецца паўнавартасным удзельнікам праграмы і можа разлічваць на рэалізацыю супольных праектаў.
У гэтым зацікаўленыя як самыя жыхары рэгіёна, так і суседзі з Еўразвязу – зазначае мэр літоўскага горада Друскенікі Рышардас Малінаўскас:
– Калі ты робіш праект і атрымлівеш 60 працэнтаў ці 80 працэнтаў кошту гэтага праекту з нейкага фонду, гэта вельмі вялікая карысць для кожнага чалавека той ці іншай мясцовасці.
У праграме транспамежнага супрацоўніцтва “Латвія – Літва – Беларусь 2014- 2020” прадугледжана чатыры тэматычныя мэты: садзеянне сацыяльнай інтэграцыі і барацьба з беднасцю, падтрымка мясцовага і рэгіянальнага ўпраўлення, садзеянне мясцовай культуры і захаванне гістарычнай спадчыны, а таксама садзеянне кіраванню і ахове межаў.
Беларускае Радыё Рацыя