Транспарт, які яднае суседзяў
У Гародні адбылося афіцыйнае адкрыццё роварнай дарожкі, пабудаванай у межах праекта транспамежнага супрацоўніцтва “Экалагічны транспарт, які яднае суседзяў”. У лесапаркавай зоне Пышкі з’явілася пяцікіламетровая траса з двухбаковым роварным рухам, асвальтавым пакрыццём і падсветкай.
Гэта першая роварная дарожка такога ўзроўню ў горадзе над Нёманам. Праект зрэалізаваны супольна з літоўскім горадам Друскенікі і, як зазначае кансультант дэпартамента па турызму Міністэрства спорта і турызма Беларусі Марына Масташова, з’яўляецца прыкладам плённай супрацы краіны з Еўразвязам:
– Гэта перш за ўсё гаворыць пра тое, што Еўразвяз прызнае Беларусь як раўнапраўнага партнёра, як краіну, прывабную для развіцця турызму, і якая паспяхова рэалізуе падобныя праекты. І што з намі можна супрацоўнічаць.
Арцём, прадстаўнік “Велагродна”:
– Тут нават вельмі крута! І для тых, хто любіць экстрымчык, пракаціцца варта.
На рэалізацыю праекта “Экалагічны транспарт, які яднае суседзяў”, Еўразвяз выдаткаваў паўтара мільёна еўра. На гэтыя сродкі былі пабудаваныя роварныя дарожкі ў Гародні і Друскеніках, абсталяваныя месцы адпачынку ўздоўж трасы і распрацавана некалькі новых транспамежных роварных маршрутаў.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня