Траціна мясцовых дарог Беларусі патрабуе неадкладнага рамонту



Трэцяя частка мясцовых дарог Беларусі патрабуе неадкладнага рамонту. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення аўтадарог Міністэрства транспарту і камунікацый Аляксандр Галаўнёў 16 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Ён нагадаў, што ў Беларусі нядаўна зацверджаная дзяржаўная праграма па развіцці і ўтрыманні аўтамабільных дарог на 2017—2020 гады. Важнай часткай гэтага дакумента стала падпраграма „Рэканструкцыя, рамонт і ўтрыманне мясцовых аўтамабільных дарог”.

„Рашэнне аб першачарговым рамонце мясцовых дарог было прынятае зыходзячы з іх фактычнага стану. Паводле даных камісійных аглядаў, больш за 30% дарог мясцовага значэння патрабуюць неадкладнага рамонту. Гэта каля 21 тыс. км„, — адзначыў Галаўнёў.

Паводле яго слоў, трохгадовая праграма рамонту мясцовых аўтамабільных дарог дазволіць „стабілізаваць іх стан”. Прадугледжваецца рамонт 7 тысяч з 70 тысяч км дарог мясцовага значэння. „Праграма дастаткова напружаная, аб’ёмы работ на аўтадарогах павялічваюцца больш чым утрая”, — адзначыў прадстаўнік Мінтранса.

Акрамя таго, паводле слоў Галаўнёва, пільная ўвага будзе звяртацца і на стан мастоў і пуцеправодаў. „Сёння з 3.034 маставых збудаванняў на мясцовых дарогах не адпавядаюць нарматыўным патрабаванням 1.954 масты, або 64%. І гэта адбіваецца на прапускной здольнасці дарог”, — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення аўтадарог Мінтранса.

Праграма змяшчае падрабязны пералік мясцовых дарог і збудаванняў, якія неабходна прывесці ў парадак. У прыватнасці, у Берасцейскай вобласці ў гэты пералік увайшло 1,062 тыс. км мясцовых аўтадарог, у Віцебскай — 956,2 км, Гомельскай — 1,4 тыс. км, Гарадзенскай — 841,2 км, Менскай — 1,897 тыс. км, Магілёўскай — 836,9 км.

Усяго для выканання дарожных работ на мясцовай сетцы прадугледжваецца накіраваць каля 1,4 млрд рублёў за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, субвенцый з рэспубліканскага дарожнага фонду і крэдытаў Банка развіцця.

„Нашай галоўнай задачай пры фарміраванні гэтай праграмы было зрабіць яе бездэфіцытнай у частцы забеспячэння бюджэтам. І таму менавіта 7 тыс. км было абрана, зыходзячы з магчымасцяў фінансавання як рэспубліканскага бюджэту, так і мясцовых. Мяркуецца прыцягненне крэдытаў Банка развіцця, але аб’ём крэдытаў вылічаны з улікам меркаванага збору пошліны за ўдзел у дарожным руху, каб у далейшым гэтыя крэдыты можна было пагашаць з пошліны. Прычым, каб частка пошліны яшчэ заставалася на падтрыманне дарог. Гэта значыць, гэта была досыць карпатлівая фінансавая работа, таму што мы не хацелі рабіць дэкларатыўнай праграму — яна павінна быць забяспечаная фінансамі”, — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Мінтранса. БелаПАН