„Трэба прызнаць: улады спрыяюць адкрыццю беларускамоўных груп”



«Беларускамоўныя дзіцячыя садкі і групы з беларускай мовай навучання створаны, а іх колькасць шмат у чым залежыць ад бацькоў», – заявіла на прэс-канферэнцыі ў Менску галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Булаўкіна. Каментуе старшыня гарадзенскай абласной філіі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Віктар Парфёненка:

Пры сустрэчы з прадстаўнікамі гарадскіх і абласных уладаў нам сцвярджаюць менавіта пра тое, што сказана было менавіта гэтым галоўным спецыялістам: «Шмат чаго залежыць ад бацькоў». І мы бачым такую сітуацыю, што тыя бацькі, якія спрабавалі аддаць сваіх дзяцей у беларускія групы, фактычна здзейснілі свае жаданні за мінулы год, гэта значыць, што яшчэ раз трэба прызнаць, што ўлады спрыяюць адкрыццю беларускамоўных груп.

«Але не ўсё ў гэтым пытанні выглядае так адназначна», – лічыць Віктар Парфёненка.

Магчыма, недахоп сродкаў, магчыма, таксама прысутнасць некаторых чыноўнікаў, якія неспрыяльна ставяцца да развіцця беларускамоўнай адукацыі, выхавання можа стаць прычынай таго, што не так актыўна ідзе развіццё вось гэтай сферы беларускай асветы. Але пэўныя патугі мы сёння назіраем.

Віктар Парфёненка выказвае спадзяванне, што з боку рэгіянальных ўладаў будуць зроблены больш актыўныя крокі для развіцця беларускамоўнай адукацыі на Гарадзеншчыне. У прыватнасці, неабходна, каб у кожным мікрараёне абласнога цэнтра з’явіліся цалкам беларускамоўныя садкі. «Пакуль жа паўнавартасныя беларускамоўныя групы створаныя па ініцыятыве бацькоў і працуюць у гарадзенскіх садках на вуліцах Рэпіна і Сухамбаева», – адзначае старшыня абласной філіі ТБМ.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя