“Трэба цуды, зробім цуды”: BYSOL сабраў 20 тысяч еўра на падарункі дзецям палітвязняў
Фонд Салідарнасці BYSOL сабраў ужо 20 тысяч еўра на падарункі дзецям палітвязняў. Збор сродкаў і прыём заявак на дапамогу працягнеццца да 9-га снежня.
Пра салідарнасць беларусаў разважае сузаснавальнік Фонду Салідарнасці BYSOL Андрэй Стрыжак.
РР: У вас зараз адбываецца калядны збор “Падорым дзецям цуд”. Адкуль увогуле з’явілася такая ідэя?
Андрэй Стрыжак: Фактычна гэта ўжо традыцыя. Мы не першы год праводзім гэтую акцыю. Яна заўсёды адбываецца з вельмі вялікім удзелам і падтрымкай людзей. Я думаю, што нікому не трэба тлумачыць, што кожны дзіцёнак мусіць мець падарунак на навагоднія і калядныя святы. На жаль, у Беларусі ёсць такія дзеці, якія не атрымаюць такіх падарункаў ад сваіх бацькоў, бо бацькі зараз зняволеныя па палітычных прычынах. Яны знаходзяцца за кратамі. Для нас вельмі важна, каб такая магчымасць была. І ўсе мы маглі далучыцца да магчымасці падтрымаць гэтыя сем’і і гэтых дзяцей у святочны час.
У гэтым годзе мы слоганам нашай каляднай акцыі ўзялі “Трэба цуды, зробім цуды”. Гэта цытата Дзеда Барадзеда. Гэты слоган выбраны не выпадкова, таму што мы ўсе родам з дзяцінства і шмат хто з нас з’яўляецца бацькамі. І вельмі важна гэтую атмасферу і гэтыя эмоцыі падтрымліваць. І ў першую чаргу гэта нават не пра грошы, а пра нашую салідарнасць, пра нашую падтрымку і нашыя эмоцыі.
Хачу адразу сказаць, што мы не закрываем збор і не закрываем прыём заявак. Яны будуць трываць да 9-га снежня. Кожная сям’я палітзняволенага, людзі, якія зараз знаходзяцца за кратамі, а таксама людзі, якія былі вызваленыя, якія адбылі ўжо свой турэмны тэрмін, могуць атрымаць гэтую дапамогу. Адзін дзіцёнак – адна заяўка. На кожную заяўку мы будзем выдзяляць 100 еўра. Спадзяемся, што і ў гэтым годзе людзі будуць актыўныя, і будуць і данаціць, і заяўляцца на дапамогу.
Беларускае Радыё Рацыя