Трэнер фрыстайлістаў пацвердзіў, што яго кватэру арыштавалі



Галоўны трэнер зборнай Беларусі па фрыстайле Мікалай Казека ў каментары tut.by пацвердзіў, што яго кватэру арыштавалі ў „доме Чыжа” каля Траецкага прадмесця ў Менску.

Дом Чыжа

Адбылося гэта падчас расследавання крымінальнай справы ў адносінах бізнесмена Юрыя Чыжа (яго арыштавалі ў сакавіку) і яго кампаніі „Трайпл”. Як паведаміла „Наша ніва„, у доме яшчэ ў канцы сакавіка былі арыштаваныя дзясяткі нераспрададзеных кватэр, якія былі ў закладзе беларускіх банкаў. Па дакументах яны належалі „Трайплу”. А вось кватэру плошчай 105 квадратных метраў Казеку прадалі ў растэрміноўку. Ён мусіў выплаціць грошы да сярэдзіны 2018-га, адзначае выданне.

Мікалай Казека пацвердзіў tut.by, што кватэра знаходзіцца ў яго ўласнасці і што яна арыштаваная. „Напісаў следчаму заяву, каб знялі яе з-пад арышту. Даведаўся пра гэта зусім нядаўна”, — кажа трэнер. Паколькі тэрмін пасля падачы заявы прайшоў невялікі, адказу яшчэ няма.

„За частку кватэры я яшчэ не разлічыўся. У мяне дамова з „Трайплам”, на яго рахунак пераводжу грошы, выплачваю суму ў растэрміноўку”, — распавёў Казека. Ён адзначае, што цана 1 тысяча долараў за адзін квадратны метр яго кватэры, якую падала „Наша ніва”, непраўдзівая. Аднак іншай лічбы ён не назваў.

Мікалай Казека — вядомы беларускі трэнер, яму 66 гадоў. Яго выхаванцы Ала Цупер і Антон Кушнір сталі алімпійскімі чэмпіёнамі, ім падаравалі кватэры ў „доме Чыжа”.