Трэці або Нерукатворны Спас
Сёння, 29 жніўня, у правасланых вернікаў Трэці або Нерукатворны Спас. Ён прысвечаны падзеі 944 года, калі са старажытнага грэцкага горада Эдзесы ў Канстанцінопаль перанеслі Нерукатворны абраз Хрыста.
Лічыцца, што ён утварыўся пасля таго, як Ісус прыклаў палатно да свайго твару і яно цудоўным чынам адбілася на ім. Рэліквія згубілася ў ходзе крыжовых паходаў.
Святар Міхаіл Лабковіч адзначыў, што па народнай традыцыі Трэці Спас называюць Арэхавым:
– У сувязі з гэтымі цудамі, якія ідуць са старажытнасці, было ўстаноўлена свята Трэцяга або Нерукатворнага Спасу. Свята ў народзе называецца Арэхавым Спасам. Таму што ў гэты час на нашых землях пачыналі збіраць ураджай арэха. Было прынята прыносіць Госпаду дары. Гэта быў и дар Госпаду і адначасова ахвяра.
Паводле народных прыкметаў, калі на Трэці Спас выпадае адлёт птушак, асабліва ластавак і жураўлёў, то ўжо на Пакроў будзе марозна.
Беларускае Радыё Рацыя