Трэці дзень запар у паўночнай палове Беларусі спякота б’е рэкорды



Трэці дзень запар спякота б’е рэкорды ў паўночнай палове Беларусі. 21 чэрвеня новыя тэмпературныя максімумы зафіксаваныя на дзевяці метэастанцыях Віцебскай, Гарадзенскай і Менскай абласцей, у тым ліку ў адным абласным цэнтры — Гародні (31,6 градуса цяпла супраць 30,4 у 2018 годзе).

Перапісаныя экстрэмумы дня ў Лідзе — 32 градусы (31,1 у 2002 годзе), Лынтупах — 32 (30,7 у 2013-м), Шаркаўшчыне — 31,5 (31,1 у 2002-м), Полацку — 31,3 (30,8 у 1964-м), Нарачы — 31,2 (29,6 у 2019-м), Докшыцах — 30,8 (30,4 у 2019-м), Верхнядзвінску — 30,7 (30,1 у 2002-м) і Ашмянах — 30,1 (29,2 у 2013-м).

У Вілейцы паўтораны рэкорд 1964 года — 31,3 градуса вышэй за нуль.

У астатніх рэгіёнах абышлося без рэкордаў.

Як і напярэдадні, цяплей за ўсё было ў Акцябрскім (Гомельская вобласць) — 34,2 градуса пры абсалютным рэкордзе дня 34,9 (у Лельчыцах на поўдні Гомельскай вобласці ў 2002 годзе). У Менску пры прагнозе Белгідрамета 30—32 паветра прагрэлася да 28,9 градуса: сіноптыкі не змаглі прадказаць дождж, які прайшоў у абедзенны час.

Як паведамлялася, 20 чэрвеня былі зафіксаваныя новыя тэмпературныя рэкорды на 15 метэастанцыях Віцебскай, Гарадзенскай, Менскай і Магілёўскай абласцей, 19 чэрвеня — на адной (у Віцебскай).

Чакаецца, што спякота захаваецца да канца працоўнага тыдня, месцамі чакаецца 35—36 градусаў. Можа быць пабіты абсалютны рэкорд чэрвеня за ўвесь перыяд метэаназіранняў (35,6 у Беразіне 23 чэрвеня 1964 года).

(Выкарыстаныя аператыўныя і архіўныя дадзеныя Белгідрамета на рэсурсе meteoinfo.by.)

belapan.by