“Трэці сектар” адзначыў 20-годдзе (абноўлена)
Гарадзенскі цэнтр грамадскіх ініцыятыў, які мае назву “Трэці сектар”, адзначыў сваё 20-годдзе.
За 20 гадоў працы праз праекты арганізацыі прайшло больш тысячы гарадзенцаў рознага ўзросту. У Школе маладога журналіста, якую ладзіў “Трэці сектар”, навучаліся такія вядомыя журналісты, як Валер Руселік і Алесь Залеўскі, Павел Мажэйка і Марыя Садоўская.
Пра арганізацыю ўзгадвае яе заснавальнік і сябра праўлення Вітаўт Руднік:
– Цяжка вылучыць канкрэтныя выпадкі, звязаныя з тым, што было за 20 гадоў арганізацыі. Фактычна кожны дзень на лік золата пражыты арганізацыяй быў. Найперш, канешне, узгадваюцца жыццёвыя гісторыі людзей, якія прыходзілі ў арганізацыю ў розных сітуацыях. Хтосьці прыходзіў у 14 гадоў, як Алесь Залеўскі з марай стаць журналістам. Магчыма, ён нават і не думаў стаць агульнавядомым беларускім журналістам. Людзі, якія прыходзілі ў 70 гадоў у наш Універсітэт залатога веку, казалі, што хацелі б хоць неяк там дажыць гэтае жыццё больш цікава, а ў выніку змянялі сваё стаўленне да жыцця.
Для Ларысы Кіркевіч, прадстаўніцы Універсітэта залатога веку, гарадзенскі “Трэці сектар” – арганізацыя, якая дала новы подых жыцця сталым людзям.
– Па-першае, гэтая арганізацыя важная для мяне тым, што яны ініцыявалі наш праект, які існуе ўжо 8 гадоў. Калі б не было “Трэцяга сектара”, то не было б універсітэта. Таму я асабіста і ўсе нашы слухачы вельмі ўдзячныя Вітаўту і Лане Руднікам, што яны праявілі такую ініцыятыву і далі магчымасць вялікай колькасці людзей (нас налічваецца ўжо больш за 800 чалавек), якія прайшлі праз універсітэт, жыць паўнавартасным і актыўным жыццём.
На вечарыну, прысвечаную 20-годдзю “Трэцяга сектара”, прыйшлі людзі рознага пакалення ад 5-гадовых дзедак да сталых людзей.
[Not a valid template]
Адкрываць Гародню для замежнікаў, а гарадзенцам – свет. Гэтыя словы лейтматывам праходзяць праз усю дзейнасць адной з найстарэйшых няўрадавых арганізацый Беларусі. Гарадзенскі “Трэці сектар” 9 верасня адзначыў 20-гадовы юбілей.
Праекты гэтай арганізацыі вядомыя не толькі ў Беларусі, але далёка за межамі краіны. Сярод адных з самых вядомых і маштабных праектаў – Школа маладога журналіста, дзякуючы якой у журналістыку прыйшлі дзясяткі чалавек. Цяпер жа візітоўкай арганізацыі можна назваць “Універсітэт залатога веку” – праект, скіраваны на сацыялізацыю і дадатковую адукацыю людзей старэйшага ўзросту.
Беларускае Радыё Рацыя