Трэці вобшук у Ганны Баран з Пружан



„Турмаў на ўсіх вас хопіць, калі не хопіць – пабудуем новыя,” – такія словы пачула грамадская актывістка, юрыст Ганна Баран з Пружан. У яе прайшоў чарговы, трэці па ліку, вобшук у рамках крымінальнай справы па артыкуле 342, частка першая Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь –“арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак”.

Быў забраны ўжо пяты мабільны тэлефон з пачатку гэтай справы і флэш-карта. Ганна Баран аказвае прававую дапамогу пацярпелым ад агрэсіўных дзеянняў сілавых структур.

Кажа Ганна Баран:

– Як заўсёды, парушаючы закон, не тлумачачы праў і абавязкаў перад пачаткам правядзення вобшуку. Падчас вобшуку сказалі, што раюць мне пакінуць краіну, і сказалі, што калі не хопіць турмаў у краіне, то пабудуюць яшчэ новыя. Я паспрабавала патлумачыць, што ніякі закон не парушала, што злачынцам не з’яўляюся. Але нікому зараз гэта не цікава. Калі ты маеш сваю грамадзянскую пазіцыю, цябе будуць пераследаваць.

Пастанову на ператрус выдаў следчы па асабліва важных справах Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці Сяргей Латышэвіч. Рабілі вобшук трое супрацоўнікаў крымінальнага вышуку Пружанскага РАУС. Пратакол вобшуку не быў перададзены Ганне Баран.

Беларускае Радыё Рацыя