Трэцяя хваля СOVID-19 можа пачацца ў Менску ў канцы сакавіка – пачатку красавіка



Трэцяя хваля пандэміі СOVID-19 можа пачацца ў Менску ў канцы сакавіка ці пачатку красавіка. Такую ацэнку спецыялістаў прывяла начальнік аддзела спецыялізаванай медыцынскай дапамогі камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Ірына Дрозд у эфіры „Радио Минск”.

„Сітуацыя з захворваннем на каронавірус у сталіцы цяпер нядрэнная. Першая хваля прайшла, жнівень і верасень — гэта была нейкая перадышка, і з восені пайшла другая хваля. Пік яе быў дзесьці ў канцы снежня. Студзень, люты — пайшло рэальнае зніжэнне лічбаў хворых. На гэты момант, калі параўноўваць з пікам другой хвалі, у нас менш за 50% хворых (ад піку другой хвалі. — БелаПАН.)”, — адзначыла спецыяліст.

Паводле яе слоў, са студзеня ў Менску адзначаецца паступовае зніжэнне захворвання на каронавірусную інфекцыю, і ў апошнія два тыдні статыстыка захварэлых трымаецца прыкладна на адным узроўні.

„На жаль, мы не можам сказаць, што не будзе трэцяй хвалі. Пра гэта кажуць і інфекцыяністы, і эпідэміёлагі. Прычым пра гэта ідзе гаворка не толькі ў Беларусі, але і ў найбліжэйшых краінах. З-за росту захворвання ў Польшчы, Чэхіі ўвялі лакдаўн, гэта значыць захворванне там расце. Мы чакаем, што ў нас таксама будзе ўздым захворвання, так званая трэцяя хваля. Чакаем, што ў канцы сакавіка — пачатку красавіка”, — сказала спецыяліст.

Паводле яе слоў, калі будзе трэцяя хваля, то пры неабходнасці стацыянары клінічных бальніц зноў будуць перапрафіляваць пад інфекцыйныя. „Вопыт у нас ужо ёсць, мы навучыліся і ведаем, як гэта рабіць”, — падкрэсліла прадстаўнік камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, за мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.355 выпадкаў COVID-19, памерлі дзевяць чалавек з каронавіруснай інфекцыяй. З бальніц выпісана 1.280 пацыентаў. Згодна з афіцыйнай статыстыкай, колькасць новых выпадкаў COVID-19 знізілася пасля трохсуткавага росту. Днём раней было выяўлена 1.414 хворых.

belapan.by