Трое беларусаў пацярпелі ад тэрактаў у Бруселі (абноўлена)



У выніку тэрактаў у Бруселі пацярпелі трое грамадзян Беларусі, паведамляе беларускае МЗС.

Пасля праведзенай працы па ідэнтыфікацыі пацярпелых ад тэрактаў сёння бельгійскі бок паведаміў пра шпіталізацыю трох грамадзян Беларусі„, — гаворыцца ў паведамленні на старонцы знешнепалітычнага ведамства ў „Твітэры”.

МЗС таксама паведамляе, што „сёння ж лячэбную ўстанову наведае консульскі супрацоўнік пасольства”. „Устанаўліваецца кантакт са сваякамі пацярпелых„, — заўважаецца ў паведамленні.

Пазней МЗС паведаміла, што беларускае пасольства звязалася з пацярпелымі і высветліла, што „яны атрымалі лёгкія цялесныя пашкоджанні (парэз, баратраўма) і ўжо выпісаныя з бальніцы„.

Тэракты ў брусельскім аэрапорце Завентэм і на станцыі метро Maelbeek адбыліся 22 сакавіка. Адказнасць за выбухі ўзяла на сябе „Ісламская дзяржава”. Згодна з апошнімі звесткамі, 31 чалавек загінуў, прыблізна 260 атрымалі раненні. Ад выбухаў пацярпелі грамадзяне прыкладна 40 краін. Першапачаткова антыкрызісны цэнтр МЗС Бельгіі паведамляў, што ў спісах загінулых і пацярпелых у выніку тэрактаў грамадзян Беларусі няма.

БелаПАН